Віцебскі тэатральны праект "Начны квартал" выйдзе на вуліцу
Тэатральны праект "Лялечны квартал", які ўпершыню рэалізавалі летам падчас міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", плануецца пашырыць. Пра гэта паведаміў журналістам дырэктар Беларускага тэатра "Лялька" Аляксандр Рыгораў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Праект атрымаў добрыя водгукі, нарадзілася ідэя яго пашырыць і вывесці за сцены тэатра. Апраўдваючы назву "Лялечны квартал", вырашылі абжываць прастору паміж лялечным і тэатрам Коласа. Хочам запрасіць вулічныя тэатры, арганізаваць продаж тэатральных сувеніраў, каб, трапіўшы ў гэту прастору, гледач мог затрымацца тут надоўга", - падзяліўся планамі дырэктар. На будучым фестывалі акцэнт будзе зроблены на дзіцячых мерапрыемствах.
У новым сезоне тэатр таксама плануе перабудаваць сістэму продажу білетаў. Вядуцца перамовы з мінскай фірмай, якая распрацоўвае спецыяльную праграму. Пасля ўкаранення электроннай сістэмы білеты на спектаклі віцебскага тэатра можна будзе купіць праз банкамат, а таксама зайшоўшы на сайт тэатра альбо сайты арганізацый, якія спецыялізуюцца на распаўсюдзе білетаў у інтэрнэце. "Распрацоўшчыкі займаюцца і стварэннем спецыяльнага прыкладання для смартфонаў, можна будзе купіць або забраніраваць білет на спектакль з дапамогай мабільнага тэлефона або планшэта, - сказаў Аляксандр Рыгораў. - Разлічваем, што білеты на навагоднія мерапрыемствы будуць рэалізоўвацца ўжо праз новую сістэму".
Для гледачоў запланавана яшчэ адно новаўвядзенне - у тэатры арганізуюць дадатковую сцэну, для чаго перанясуць у падвал гардэроб, а на вызваленай тэрыторыі збудуюць невялікую сцэнічную пляцоўку з мабільнымі месцамі для гледачоў, святлом і гукам. "Каб можна было сыграць невялікі спектакль для 50-70 чалавек", - сказаў Аляксандр Рыгораў, падкрэсліўшы, што тэатр даўно мае патрэбу ў пашырэнні плошчаў.
Новы сезон віцебскія лялечнікі адкрылі 28 верасня.
22 кастрычніка адбудзецца прэм'ера спектакля "Спакуса" па аповесці Чэхава "Чорны манах" у пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Віктара Клімчука. Да лютага В.Клімчук плануе завяршыць капітальнае аднаўленне спектакля "Папялушка" паводле Шарля Перо.