Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт будзе рыхтаваць спецыялістаў па вытворчасці скуры і футра
Сістэмных адміністратараў і спецыялістаў па вытворчасці скуры і футра будуць рыхтаваць у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце (ВГТУ), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове адукацыі.
ВГТУ першым у Беларусі пачынае падрыхтоўку студэнтаў па спецыяльнасці "вытворчасць скуры і футра". Ва ўстанове падкрэслілі, што адкрыццё новага напрамку падрыхтоўкі кадраў для прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці звязана з тым, што ў рэгіёне пачынаецца рэалізацыя праграмы па развіцці жывёлагадоўлі і мадэрнізацыі гарбарных прадпрыемстваў. Аб недахопе спецыялістаў такога профілю заяўляюць і вядучыя гарбарныя і футравыя прадпрыемствы Беларусі, такія як ААТ "Мінскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне", РУВП "Віцебскі футравы камбінат", ААТ "Магілёўскі гарбарны завод "Шавец", РУП "Гродзенскае вытворча-гарбарнае аб'яднанне".
У гэтым годзе на новую спецыяльнасць набіраюць толькі 15 чалавек (13 на бюджэт і 2 на платную форму навучання). Тэрмін навучання - 4,5 года з прысваеннем інжынернай кваліфікацыі.
Яшчэ адзін запатрабаваны напрамак, па якім пачынае падрыхтоўку ВГТУ, звязаны з сучаснымі тэхналогіямі. Адкрыты набор на спецыяльнасць "інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у праектаванні і вытворчасці)". Тут будуць рыхтаваць інжынераў-праграмістаў, якія запатрабаваны на прадпрыемствах розных галін і ў арганізацыях рэспублікі. Гэта інжынеры-электронікі, інжынеры па аўтаматызаваных сістэмах кіравання, інжынеры па праектаванні і эксплуатацыі праграмнага забеспячэння, сістэмныя адміністратары. Спіс заявак на такіх спецыялістаў у ВНУ сфарміраваны на некалькі гадоў наперад. У сувязі з гэтым ужо ў першы год на новую спецыяльнасць набіраюць 26 чалавек (23 на бюджэт, і 3 на платную форму навучання). Тэрмін навучання - 4 гады.