Віцебскі трэнер Вольга Власава ўдастоена прэміі «Беларускі спартыўны Алімп».

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Беларускі спартыўны Алімп» 2017 года, паведамляе БЕЛТА. Прэміі ўдастоена наша зямлячка галоўны трэнер нацыянальнай каманды па скачках на батуце Вольга Власава за падрыхтоўку спартсменаў высокага класа, пераможцаў і прызёраў Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы. Яна выгадавала пляяду батутыстаў, сярод якіх уладальнік залатога медаля Алімпіяды-2016 віцяблянін Уладзіслаў Ганчароў, а таксама пераможцы і прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы.

Дыплом лаўрэата прэміі за паспяховае выступленне на міжнародных спаборніцтвах, актыўную грамадзянскую пазіцыю, паважлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь прысуджаны члену нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы, выхаванцы Віцебскай абласной СДЮШАР прафсаюзаў па лёгкай атлетыцы «Буравеснік-73», майстру спорту Віёлеце Скварцовай, якая ў мінулым годзе заваявала залаты медаль юніёрскага чэмпіянату Еўропы ў трайным скачку ў італьянскім Грасэта. Падчас цырымоніі ўзнагароджання прызёраў замест гімна Беларусі арганізатары па памылцы ўключылі гімн Босніі і Герцагавіны. Засмучаная спартсменка, нягледзячы на пагрозу санкцый, пакінула п'едэстал гонару ў знак пратэсту. Відэаролік з учынкам спартсменкі сабраў на канале YouTube 8,3 мільёна праглядаў і 17 тысяч каментароў.

«Віцьбічы».