Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва і Полацкі музей-запаведнік сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства
Дыпломам першай ступені ў намінацыі «За лепшую культурна-адукацыйную праграму» ўзнагароджаны Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. А яго дырэктар Тамара Джумантаева адзначана ўзнагародай «За вернасць прафесіі». Дарэчы, полацкі музей-запаведнік і раней быў у спісе пераможцаў, на першым форуме ён прызнаны лепшым рэгіянальным музеем, на другім – удастоены першай прэміі за арганізацыю культурна-адукацыйнай работы.
Дыплом другой ступені ў намінацыі «За навацыі ў музейнай дзейнасці» атрымаў Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва, які прадстаўляў свой філіял – Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Акрамя таго, гэтая ўстанова культуры ўзнагароджана спецыяльным дыпломам журы ў намінацыі «За лепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форуму».
Усяго ж у форуме прыняло ўдзел сем дзяржаўных музеяў Віцебшчыны і адзін ведамасны – гісторыка-краязнаўчы музей Мёрскай сярэдняй школы №3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томка.