Віцебскі цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі адзначыў 100 гадоў з дня стварэння

Прадпрыемства вядзе сваю гісторыю з 1922 года, калі ў Віцебску было створана Аддзяленне Петраградскай Паверачнай Палаты мер і вагаў. Сёння гэта сучасная ўстанова, дзейнасць якой накіравана на рэалізацыю адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне ацэнкі адпаведнасці, забеспячэння адзінства вымярэнняў, тэхнічнага нармавання і стандартызацыі.

У зале абласной філармоніі сабраліся кіраўнікі органаў улады і прадпрыемстваў-партнёраў, калектыў і ветэраны. Вітаючы прысутных, дырэктар ВЦСМС Павел Якаўлеў адзначыў, што калектыў прадпрыемства – адна вялікая сям'я, супольнасць аднадумцаў. Галоўны яго здабытак – спецыялісты найвышэйшага прафесіяналізму і адказнасці, у гэтым сіла і поспех.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Валянцін Татарыцкі падкрэсліў, што ВЦСМС з'яўляецца адным з лепшых у сістэме, у чым вялікая заслуга Паўла Якаўлева. Пад яго кіраўніцтвам калектыў у гэты няпросты час упэўнена ідзе плячо ў плячо з прамысловасцю, ажыццяўляючы такую неабходную каардынацыйную працу, каб брэнд «Зроблена ў Беларусі» гучаў у многіх краінах свету. Валянцін Татарыцкі ўручыў дырэктару ВЦСМС сертыфікат на суму 100 тыс. руб. для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемства.

Намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна зачытала сумесны прывітальны адрас старшыні аблвыканкама Аляксандра Суббоціна і старшыні абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Церанцьева. У ім гаварылася, што за гады незалежнасці нашай краіны ўвесь свет пераканаўся: зробленае ў Беларусі – са знакам якасці. «Мы па праву ганарымся высокімі стандартамі ў розных галінах эканомікі і ў гэтым вялікая заслуга вашага калектыву. За гады дзейнасці ВЦСМС неаднаразова даказваў сваю стратэгічную значнасць для рэгіёна і краіны. Сёння вы ўносіце годны ўклад у інавацыйнае развіццё, павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, тавараў, паслуг, забеспячэнне бяспекі спажыўцоў. Дзякуючы вашаму навуковаму і інтэлектуальнаму патэнцыялу, мэтанакіраванасці і адказнасці актыўна прымяняюцца новыя распрацоўкі ў розных галінах нацыянальнай эканомікі».

Фота Пятра ЧЫМКОЎСКАГА