Віцебскі ўніверсітэт і кітайскі інстытут маюць намер сумесна весці навучанне студэнтаў

10 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт і Хух-Хотоскі прафесійны інстытут (Кітай) плануюць заключыць дагавор аб супрацоўніцтве па сумесным навучанні студэнтаў дзвюх краін, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле міжнароднага супрацоўніцтва віцебскай ВНУ. Для падпісання адпаведнага дакумента з візітам у Кітай адправілася дэлегацыя ВДУ на чале з рэктарам Аляксандрам Саладзковым. Прадстаўнікі віцебскай ВНУ азнаёмяцца з навуковай і матэрыяльна-тэхнічнай базай кітайскага інстытута, арганізацыяй вучэбнага працэсу, абмяркуюць пытанні навучання кітайскіх грамадзян у ВДУ. Віцебскі дзяржуніверсітэт вядзе навучанне студэнтаў з Кітая з 2000 года, за гэты час падрыхтоўку прайшлі каля 150 прадстаўнікоў гэтай усходняй краіны. У новым навучальным годзе асвойваць навуку ў Віцебску плануюць каля 30 кітайскіх юнакоў і дзяўчат. Усяго ВДУ заключыў больш за 20 дагавораў аб супрацоўніцтве з ВНУ Расіі, Украіны, Латвіі, Польшчы, Малдовы, Канады, Германіі і Кітайскай Народнай Рэспублікі. -0-