Віцебскі харэаграфічны ансамбль "Зорька" прывёз два Гран-пры з фестывалю ў Італіі

1 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі харэаграфічны ансамбль "Зорка" з Віцебска заваяваў два Гран-пры на міжнародным дзіцячым фестывалі "Арфей у Італіі". Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА мастацкі кіраўнік калектыву Наталля Чарнюк. Форум сабраў удзельнікаў з 15 краін, якія прадэманстравалі членам журы вакальныя, харэаграфічныя, цыркавыя нумары і творы выяўленчага мастацтва. "Зорка", прадстаўленая 38 юнымі артыстамі, выступала на фестывалі ў намінацыі "Харэаграфія" ў старэйшай (14-16 гадоў) і малодшай (12-14 гадоў) узроставых катэгорыях. Юныя конкурсанты станцавалі творы ў стылі фольк-мадэрн "Паласа мая неараная", "Вясначуха" (старэйшая група), а таксама "Дудаўка" і "Тарантэла" (малодшая група). Высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства ўдзельнікаў калектыву ў кожнай з груп быў адзначаны Гран-пры. Па словах арганізатараў фестывалю, упершыню ў гісторыі конкурсу дзве вышэйшыя ўзнагароды ўдалося заваяваць аднаму калектыву, адзначыла Наталля Чарнюк. Прафесіяналізм віцебскага ансамбля па вартасці ацанілі і арганізатары Міжнароднага тэлевізійнага фестывалю ў Варшаве (Польшча), якія запрасілі калектыў "Зоркі" да сябе на форум у маі 2011 года. Калектыў быў утвораны ў 1962 годзе. Сёння ў ім займаюцца каля 300 чалавек ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. Разнастайны рэпертуар "Зоркі" ўключае велізарную колькасць танцаў народаў свету, харэаграфічных мініяцюр, нумары сучаснай харэаграфіі. Разам з тым прыярытэтны напрамак ансамбля - нацыянальны беларускі танец.-0-