Віцебскі мастак-авангардыст Аляксандр Салаўёў перадаў у дар Мастацкаму музею 32 свае карціны
У дар Мастацкому музею перадаў 32 творы наш вядомы мастак-авангардыст, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Салаўёў.
Графічныя кампазіцыі, выкананыя аўтарам у розныя гады, паступілі ў фонд пасля заканчэння выстаўкі «Прырода наша вечная. Фарбы зямлі. Колер, рытм, прастора», якая прайшла ў Мастацкім музеі.
Зусім не выпадковая назва выстаўкі ў Аляксандра Аляксандравіча, які заўсёды кажа пра тое, што прырода — наш галоўны настаўнік. «Я вырашыў паказаць імправізацыі, у якіх прысутнічае свабода погляду на свет, але ў працах няма ніводнага мазка з натуры. Гэта — мой палёт у невядомае», — падзяліўся Аляксандр Аляксандравіч.
Па словах мастака, выстаўка дае магчымасць паглядзець на сябе нібы збоку, тым больш многія працы ўжо некалькі гадоў знаходзіліся дома ў папках.
У графічных кампазіцыях Салаўёва шмат колеру, яны эмацыйныя і выклікаюць шчыры водгук любой душы, здольнай здзіўляцца водбліскам жыцця, з цікаўнасцю ўспрымаць усё нечаканае.
На вернісажы А.Салаўёва, як заўсёды, было шмат гасцей. Асоба Салаўёва валодае магнетычнымі ўласцівасцямі, цікавы яго мастацкі вопыт, і на выстаўкі наведвальнікі прыходзяць не толькі ўбачыць графіку або жывапіс, але таксама паслухаць Аляксандра Салаўёва — мастака, філосафа, ерудыта. Даўно заўважана, што яго словы на выстаўках успрымаюцца як праграмная прамова.
Аляксандр Салаўёў выказвае надзею на тое, што да свайго 90-годдзя падрыхтуе новую выставу, і гледач, можа быць, убачыць зусім іншага Салаўёва, таму што палёт у невядомае працягваецца.
Наталля КРУПІЦА, "Віцьбічы"