Віцебскі завод электравымяральных прыбораў будзе пастаўляць мультыплексныя панэлі для аўтамабіляў КамАЗ
20 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. ААТ "Віцебскі завод электравымяральных прыбораў" (ВЗЭП) паставіў першую прамысловую партыю мультыплекснай панэлі кіравання з прымяненнем тэхналогіі CAN-камунікацыі для аўтамабіляў расійскага ААТ "КамАЗ", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны інжынер прадпрыемства Уладзімір Калпакоў.
Па замове расійскіх аўтабудаўнікоў ВЗЭП распрацаваў панэль кіравання ШП-8107, у якой прадугледжана магчымасць збору і перадачы інфармацыі па CAN-шыне. Навінка прызначана для ўстаноўкі на аўтамабілях класа Euro-4 і вышэй. Мультыплексная панэль дае магчымасць кантраляваць 19 параметраў і праводзіць дыягностыку працы бартавых сістэм аўтамабіля, у тым ліку выводзіць на манітор паказчыкі, якія ўплываюць на бяспеку руху. Пасля праходжання аб'ектавых выпрабаванняў навінкі на КамАЗе віцебскія прыборабудаўнікі плануюць у канцы кастрычніка пачаць серыйныя пастаўкі. У адпаведнасці з кантрактам прадпрыемства будзе адпраўляць на камскі аўтазавод да 60 такіх вырабаў у месяц. Раней аналагічнае абсталяванне было распрацавана для Мінскага аўтазавода, які ў 2010 годзе прыступіў да серыйнай устаноўкі мультыплекснай панэлі кіравання ВЗЭП у грузавых аўтамабілях.
У бягучым годзе віцебскія прыборабудаўнікі пачнуць выпуск для КамАЗа яшчэ двух новых прыбораў - спідометраў ПА-8115 і тахометраў ПТ-8114, распрацаваных на прадпрыемстве.
Акрамя таго, для Паўлаўскага аўтобуснага завода, які ўваходзіць у групу кампаній "ГАЗ", віцебскае прадпрыемства мае намер укараніць у вытворчасць некалькі прыбораў, у тым ліку блок індыкацыі кантрольных лямпаў БІ-8135 і датчык хуткасці ПБ-8136, для розных мадэляў аўтобусаў.
У студзені-веражні віцебскі завод асвоіў выпуск больш за 20 вырабаў, яшчэ 11 навінак будзе запушчана ў серыйную вытворчасць да канца бягучага года. Практычна ўсе навінкі прадпрыемства, у тым ліку восем відаў тавараў народнага спажывання, распрацаваны па праграме імпартазамяшчэння. У гэтым напрамку ВЗЭП актыўна супрацоўнічае з ААТ "МАЗ", па замове якога віцебскія прыборабудаўнікі ў гэтым годзе ўжо ўкаранілі ў вытворчасць і рыхтуюцца да серыйнага выпуску чатырох новых вырабаў, у тым ліку спідометра з CAN-інтэрфейсам, педалі кіравання падачай паліва.
Віцебскі завод электравымяральных прыбораў заснаваны ў 1948 годзе. Прадпрыемства, акцыянаванае ў 2010 годзе, спецыялізуецца на выпуску электравымяральных прыбораў для вымярэння току, напружання, частаты, магутнасці, тэмпературы, ціску. Вырабы выпускаюцца для наземных вымяральных прылад, бартавых сістэм транспартных сродкаў, у тым ліку авіяцыі. Сістэма менеджменту якасці праектавання, вытворчасці і абслугоўвання прыборавай прадукцыі адпавядае патрабаванням СТБ ІСО 9001-2001.-0-