Віцебскі завод электравымяральных прыбораў інвестуе ў мадэрнізацыю каля Br1 млрд.

19 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. ААТ "Віцебскі завод электравымяральных прыбораў" (ААТ "ВЗЭП") сёлета накіруе на мадэрнізацыю і абнаўленне станкавога парку каля Br1 млрд., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны інжынер прадпрыемства Уладзімір Калпакоў. Адным з самых значных новаўвядзенняў абсталявання стане сучасны такарны апрацоўчы цэнтр, які паставіць на прадпрыемства амерыканская кампанія HAAS Automation ink. Высокапрадукцыйны комплекс аснашчаны сістэмай аўтаматычнай падачы нарыхтоўкі (сервабарам), прывадам рэжучага інструмента і контршпіндзелем, што дазваляе выконваць адразу некалькі аперацый, у тым ліку фрэзерныя і свідравальныя, а пераўсталёўку нарыхтоўкі праводзіць без удзелу аператара. У выніку на выхадзе атрымліваецца гатовая дэталь, вырабленая па зададзенай аператарам праграме. Апрацоўчы цэнтр дасць магчымасць павысіць якасць выпускаемых вырабаў і прадукцыйнасць працы як мінімум у 1,5 раза за кошт мінімізацыі чалавечага фактару, адзначыў Уладзімір Калпакоў. Кантракт на пастаўку сучаснага абсталявання з амерыканскай кампаніяй ужо падпісаны, віцебскія прыборабудаўнікі чакаюць прыбыццё такарнага цэнтра коштам каля Br500 млн. у сярэдзіне чацвёртага квартала. У студзені-веражні віцебскія прыборабудаўнікі асвоілі выпуск больш за 20 новых вырабаў, у тым ліку васьмі відаў тавараў народнага спажывання, а да канца года плануецца запусціць у серыйную вытворчасць яшчэ 11 навінак. Сярод іх блок кіравання для пральных машын-аўтаматаў, распрацаваны па заказе ЗАТ "Атлант", электронны пускарэгулюючы апарат для кіравання працай энергазберагальных люмінесцэнтных свяцілень, дыскрэтнае электрамагнітнае прыстасаванне для кіравання гідраўлічнай сістэмай аўтатрактарнай тэхнікі, вучэбна-дэманстрацыйныя камплекты для правядзення ўрокаў фізікі ў навучальных установах і шэраг іншых. Па выніках 9 месяцаў бягучага года аб'ём выпуску новай прадукцыі склаў больш за Br4,2 млрд. Пераважная большасць новых распрацовак прадпрыемства мае імпартазамяшчальны характар. Акрамя таго, шэраг новых вырабаў будзе пастаўляцца на расійскія аўтамабілебудаўнічыя прадпрыемствы. Для ААТ "КамАЗ" на ВЗЭПе распрацавана мультыплексная панэль кіравання з прымяненнем тэхналогіі CAN-камунікацыі, а таксама два новыя тыпы прыбораў (спидометр ПА-8115 і тахометр ПТ-8114), шэраг навінак віцебскіх прыборабудаўнікоў плануецца пастаўляць на Паўлаўскі аўтобусны завод. Віцебскі завод электравымяральных прыбораў заснаваны ў 1948 годзе, у 2010-м ператвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства. Завод спецыялізуецца на выпуску электравымяральных прыбораў для вымярэння току, напружання, частаты, магутнасці, тэмпературы, ціску. Вырабы выпускаюцца для наземных вымяральных прылад, бартавых сістэм транспартных сродкаў, у тым ліку авіяцыі. Сістэма менеджменту якасці праектавання, вытворчасці і абслугоўвання прыборавай прадукцыі адпавядае патрабаванням СТБ ІСО 9001-2001.-0-