Віцебскі завод "Станкарэмонт" выпусціў доследны ўзор унікальнай устаноўкі для лячэння радыкуліту
8 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Унітарнае прадпрыемства "Віцебскі завод "Станкарамонт" распрацавала і выпусціла доследны ўзор унікальнага медабсталявання - устаноўкі вертыкальнага падводнага выцяжэння пазваночніка з аўтаматычным гідрамасажам, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Леанід Крывашэй.
Такая медыцынская тэхніка не вырабляецца ў Беларусі, а сусветныя аналагі значна саступаюць у эфектыўнасці лячэбнага ўздзеяння. Пры гэтым лячэбныя ўстановы выяўляюць зацікаўленасць у набыцці такога абсталявання, адзначыў Леанід Крывашэй.
Устаноўка прызначана для комплекснага лячэння і рэабілітацыі хворых на астэахандроз, радыкуліт і падагру. Абсталяванне дазваляе ажыццяўляць эфектыўную дэкампрэсію міжпазванковых дыскаў у рэжымах дазіраванага выцяжэння пазваночніка з адначасовым гідрамасажам цягліц спіны. Асноўнае яе адрозненне ад імпартных аналагаў складаецца ў насычэнні вібрамасажам, у тым ліку для шыйна-груднога аддзела. Акрамя таго, пры вырабе ўстаноўкі выкарыстоўваюцца сучасныя матэрыялы і камплектуючыя вядучых сусветных вытворцаў.
Устаноўка распрацавана ў канструктарскім бюро прадпрыемства на аснове запатэнтаванай канструкцыі заслужанага вынаходніка Беларусі Анатоля Барташэвіча, у якую закладзена методыка віцебскага ўрача-неўрапатолага Аляксандра Марчанкі. Цяпер медыцынская распрацоўка "Станкарамонта" праходзіць сертыфікацыю ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі, у перспектыве аналагічную працэдуру плануецца прайсці ў Расіі, дзе лячэбныя ўстановы таксама зацікавіліся віцебскай устаноўкай. Яна можа выкарыстоўвацца як у стацыянарных лячэбных установах, так і ў арганізацыях санаторна-курортнага профілю, дзе прадугледжана аказанне адпаведных паслуг. Першы заказ на ўстаноўку віцебскія станкабудаўнікі атрымалі ад санаторыя-прафілакторыя "Жалезнякі" РУП "Віцебскэнерга".
Вытворчасць медыцынскай тэхнікі стане новым напрамкам дзейнасці завода, які спецыялізуецца на рамонце і мадэрнізацыі тарцакруглашліфавальных і круглашліфавальных станкоў, на распрацоўцы станкавога абсталявання для прадпрыемстваў суднабудаўнічай галіны. Акрамя таго, у 2009 годзе прадпрыемства прыступіла да распрацоўкі абсталявання для ільноперапрацоўчай галіны, у прыватнасці ільнотрапалак, станкоў для скручвання ільновалокна, прэсаў. Такое абсталяванне не вырабляецца ў Беларусі, а патэнцыял і вытворчыя магутнасці "Станкарамонта" дазваляюць асвоіць выпуск імпартазамяшчальнага абсталявання для ільнозаводаў, упэўнены Леанід Крывашэй.
УП "Віцебскі завод "Станкарамонт" утворана ў 2000 годзе. Прадпрыемства спецыялізуецца на распрацоўцы, рамонце і мадэрнізацыі металаапрацоўчага абсталявання.-0-