Віцебскі «Завод «СТР» пачаў выпускаць медыцынскія ўстаноўкі для лячэння радыкуліту і астэахандрозу
16 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Таварыства з абмежаванай адказнасцю "Завод "СТР" (Віцебск) асвоіла серыйную вытворчасць устаноўкі вертыкальнага падводнага выцяжэння пазваночніка з аўтаматычным гідрамасажам. Такая медтэхніка не вырабляецца ў Беларусі, а сусветныя аналагі саступаюць у эфектыўнасці лячэбнага ўздзеяння, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Аляксандр Пальчык.
Устаноўка распрацавана ў канструктарскім бюро прадпрыемства і прызначана для комплекснага лячэння і рэабілітацыі хворых на астэахандроз, радыкуліт і падагру. Абсталяванне дазваляе ажыццяўляць эфектыўную дэкампрэсію міжпазваночных дыскаў у рэжымах дазіраванага выцяжэння пазваночніка з адначасовым гідрамасажам цягліц спіны. Асноўнае яе адрозненне ад імпартных аналагаў складаецца ў насычэнні вібрамасажам, у тым ліку для шыйна-груднога аддзела. Устаноўка простая ў абслугоўванні і эксплуатацыі, кіраванне ажыццяўляецца ад асобнага электрапульта, размешчанага ў любым зручным для медперсаналу месцы.
Медыцынская распрацоўка прадпрыемства прайшла сертыфікацыю ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі, у перспектыве аналагічную працэдуру плануецца прайсці ў Расіі, дзе лячэбныя ўстановы таксама зацікавіліся віцебскай устаноўкай. Яна можа выкарыстоўвацца як у стацыянарных лячэбных установах, так і ў арганізацыях санаторна-курортнага профілю, дзе прадугледжана аказанне адпаведных паслуг. У 2011 годзе завод "СТР" плануе выпусціць 36 такіх установак на агульную суму каля Br2,5 млрд. для ўстаноў аховы здароўя ўсіх абласцей Беларусі.
ТАА "Завод "СТР" утворана ў 2005 годзе. Прадпрыемства спецыялізуецца на распрацоўцы, рамонце і мадэрнізацыі металаапрацоўчага абсталявання, а таксама на распрацоўцы станкавога абсталявання для прадпрыемстваў суднабудаўнічай галіны. Вытворчасць медыцынскай тэхнікі з'яўляецца новым напрамкам дзейнасці завода. Цяпер спецыялісты прадпрыемства вывучаюць патрэбу лячэбных устаноў у медыцынскай тэхніцы. У перспектыўным партфелі віцебскага вытворцы таксама распрацоўка прылад і вырабаў для рэабілітацыі інвалідаў.-0-