Віцебскім дэсантнікам на ўзбраенне перадалі новую тэхніку
У Віцебску ў 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе прайшла ўрачыстая цырымонія перадачы на ўзбраенне злучэнню новай тэхнікі.
Парк баявой тэхнікі 103-й брыгады папоўніўся 50 адзінкамі. На ўзбраенне паветрана-дэсантнага батальёна паступілі 32 бронетранспарцёры БТР-70МБ1, а 18 паўаўтаматычных мінамётаў 2Б23 перадалі двум батарэям змешанага артылерыйскага дывізіёна брыгады.
У мерапрыемстве прыняў удзел намеснік міністра абароны па ўзбраенні - начальнік узбраення Узброеных Сіл Сяргей Сіמוненка. Ён павіншаваў асабовы склад брыгады са знамянальнай падзеяй і выказаў упэўненасць, што тэхніка будзе знаходзіцца ў надзейных руках.
"Штогод беларуская армія атрымлівае парадку 100 адзінак ваеннай тэхнікі - сёння прыйшла чарга 103-й брыгады. Аснашчэнне Узброеных Сіл праводзіцца па трох напрамках. Гэта мадэрнізацыя наяўнай тэхнікі на прадпрыемствах прамысловасці, закупка сучасных узораў, якія вырабляюцца ў Беларусі, а таксама пастаўка іх з прадпрыемстваў Расіі ў рамках ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Па першым напрамку брыгада атрымала бронетранспарцёры, яны мадэрнізаваны на 140-м рамонтным заводзе Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, па другім закуплены ў Мінскага завода колавых цягачоў сучасныя аўтамабілі МЗКТ-500200. А ў рамках рэалізацыі трэцяга напрамку пастаўлены мінамёты. Уся гэтая тэхніка дазволіць дэсантнікам якасней выконваць пастаўленыя задачы", - падкрэсліў Сяргей Сімуненка.
Ён дадаў, што аўтамабіль МКЗТ-500200 разам з мінамётамі 2Б23 таксама пастаўлены ў 38-ю асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую брыгаду ў Брэсце. Для якаснага навучання будучых афіцэраў падобная тэхніка знаходзіцца ў Ваеннай акадэміі Беларусі і 72-м аб'яднаным навучальным цэнтры для падрыхтоўкі спецыялістаў.
Намеснік камандзіра па ўзбраенні -
начальнік аддзела ўзбраення камандавання сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сілаў Ігар Залатар адзначыў, што ў наступным годзе падобнае маштабнае перааснашчэнне чакае і брэсцкую 38-ю брыгаду."Для якаснага кіравання новай тэхнікай байцам спатрэбіцца толькі невялікая дадатковая падрыхтоўка. Узоры ўзбраення дазволяць павысіць агнявую моц і мабільнасць падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый", - сказаў Ігар Залатар.