Дзед Мароз уручае віцебскім матулям нованароджаных
30 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебску ў навагоднія дні немаўлят бацькам замест бусла прыносіць Дзед Мароз. Нягледзячы на сур'ёзную загрузку і шчыльны графік, Дзедушка Мароз разам са сваёй Снягуркай паспявае наведаць Віцебскі гарадскі радзільны дом №1, каб уручыць пры выпісцы шчаслівым бацькам іх галоўны навагодні падарунак - мілы канверцік з нованароджаным. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны ўрач установы аховы здароўя Алена Леановіч.
Пачынаючы з 20 снежня, Дзед Мароз уручыў віцяблянам ужо больш за 70 немаўлят, пры гэтым дзвюм сем'ям - па двайнят. Працаваць за бусла і капусту, якая не расце зімой, дзядулю з унучкай давядзецца да самага старога Новага года.
Усяго за студзень-лістапад бягучага года ў Віцебскай вобласці нарадзіліся 11560 дзяцей, або 102,9% да аналагічнага ўзроўню мінулага года. У абласным цэнтры за адзінаццаць месяцаў з'явілася на свет 3558 дзетак (102,6%). Найбольшая нараджальнасць за гэты час адзначаецца ў Лёзненскім, Верхнядзвінскім і Шумілінскім раёнах, паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.-0-