"Віцебскаблаўтатранс" усталёўвае сувязь паміж Наваполацкам і Смаленскам

19 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - Віцебск/. Рэгулярныя аўтобусныя зносіны з 20 лістапада ўсталююцца паміж Наваполацкам і Смаленскам, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела перавозак Рэспубліканскага аўтатранспартнага тэрытарыяльнага унітарнага прадпрыемства "Віцебскаблаўтатранс" Андрэй Русаковіч.

Гэта ўжо сёмы міжнародны маршрут рэгулярных зносін, які дзейнічае паміж гарадамі Віцебскай вобласці і суседнімі дзяржавамі. З Віцебска на аўтобусе можна дабрацца ў Вялікія Лукі, Веляж, Смаленск, Рыгу, з Наваполацка можна даехаць да Санкт-Пецярбурга, з Пастаў - у Вільнюс. Па словах Андрэя Русаковіча, цяпер у Мінтрасе знаходзяцца на зацвярджэнні яшчэ два міжнародныя маршруты: Віцебск - Санкт-Пецярбург і Віцебск - Талін. Магчыма, што ўжо да калядных вакацый маршруты пачнуць дзейнічаць.

Як адзначыў суразмоўца, адкрыццё новых зносін выклікана попытам насельніцтва. Пры складанні графіка руху ўлічваецца пасажырапаток. Напрыклад, у Санкт-Пецярбург можна адправіцца на адзін дзень: прыехаць раніцай, паглядзець славутасці, а ўвечары адправіцца дадому ў Беларусь.

Разам з рэгулярнымі аўтобуснымі маршрутамі "Віцебскаблаўтатранс" адкрывае і нерэгулярныя, таксама прадыктаваныя попытам пасажыраў. Такім чынам, можна з Віцебска адправіцца ў Кіеў, Даўгаўпілс, Маскву, а летам дзейнічалі зносіны з Адэсай.

Міжнародныя пасажырскія перавозкі займаюць каля 30% у агульным аб'ёме экспарту паслуг "Віцебскаблаўтатранса". У студзені-кастрычніку прадпрыемства аказала паслугі на экспарт на $1,2 млн., пасажырскія перавозкі прынеслі $370 тыс.-0-