«Віцебскаблаўтатранс» за кошт прымянення біяпаліва штомесяц эканоміць каля Br200 млн.

11 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Каля Br200 млн. штомесяц эканоміць рэспубліканскае аўтатранспартнае тэрытарыяльнае унітарнае прадпрыемства "Віцебскаблаўтатранс" за кошт прымянення біядызельнага паліва. Аб гэтым у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксандр Семенец. Першыя аўтамабілі транспартнікі заправілі экалагічным палівам летась. Сёння бія аўтапарк налічвае амаль 300 грузавікоў і аўтобусаў. Аднак іх магло б быць значна больш, калі б якасць айчыннага біядызелю была вышэйшай, канстатаваў суразмоўца. Паводле яго слоў, без збояў на біяпаліве працуюць толькі аўтамабілі са старымі рухавікамі яраслаўскай вытворчасці. Заходнееўрапейскія маторы, устаноўленыя на сучасных аўтобусах, больш патрабавальныя да якасці паліва. Разам з тым на прадпрыемстве спадзяюцца, што з адкрыццём новых заводаў па вытворчасці біяпаліва палепшыцца яго якасць і з'явіцца магчымасць перавесці на экалагічнае і эканамічнае паліва як мага больш аўтамабіляў і аўтобусаў. У параўнанні са звычайным дызельным палівам біядызель утрымлівае менш серы. Паліва валодае змазваючым эфектам, што падаўжае тэрмін службы рухавіка. Па словах Аляксандра Семенца, літр дызельнага паліва абыходзіцца прадпрыемству ў Br2,2 тыс., у той час як біядызель каштуе Br1,6 тыс. У Беларусі вытворчасць біядызелю (дызельнага паліва з 5% біядабаўкай метылавых эфіраў тоўстых кіслот рапсавага алею ДТ В5) была пачата ў 2007 годзе. Гэты від паліва адпавядае патрабаванням СТБ 1658-2006 "Паліва для рухавікоў унутранага згарання. Паліва дызельнае". У 2009 годзе ў Беларусі плануецца вырабіць каля 390 тыс.т біядызелю. Вытворчасць біядызелю ў Еўрасаюзе пачалася ў 1992 годзе. Цяпер тут дзейнічаюць звыш 200 заводаў па яго вытворчасці сумарнай магутнасцю больш за 16 млн.т. Для біядызелю Еўрапейскай арганізацыяй стандартызацыі распрацаваны стандарт EN14214. Акрамя яго існуюць стандарты EN590 (або EN590:2000) і DIN 51606. Першы апісвае фізічныя ўласцівасці ўсіх відаў дызельнага паліва, што рэалізуецца ў ЕС, Ісландыі, Нарвегіі і Швейцарыі. DIN 51606 - нямецкі стандарт, распрацаваны з улікам сумяшчальнасці з рухавікамі амаль усіх вядучых аўтавытворцаў, таму з'яўляецца самым строгім. Большасць відаў біядызелю, што вырабляюцца для камерцыйных мэт у Еўропе, адпавядае яму ці нават перавышае яго.-0-