Віцебскаблмаёмасць упершыню прадае з аўкцыёну грамадзянам невыкарыстоўваныя будынкі пад жыллё
Віцебскі абласны тэрытарыяльны фонд "Віцебскаблмаёмасць" упершыню мае намер прадаць з аўкцыёну невыкарыстоўваемую дзяржаўную маёмасць фізічным асобам пад жыллё, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар фонду Міхаіл Паўлючкоў.
Аўкцыён прызначаны на 15 сакавіка. Сярод лотаў, выстаўленых на продаж, два будынкі былых паштовых аддзяленняў у вёсках у Сенненскім і Расонскім раёнах. Абодва - аднапавярховыя капітальныя будынкі, адзін плошчай 40,7 кв.м, другі - 142,4 кв.м. Да кожнага аб'екта нерухомасці маецца зямельны ўчастак плошчай больш за 20 сотак. Стартовая цана лотаў устаноўлена ў памеры Br100 тыс.
У таргох могуць на роўных удзельнічаць як прыватны бізнес, так і грамадзяне. Умовай продажу для фізічных асоб з'яўляецца рэканструкцыя нерухомай маёмасці пад жылыя памяшканні і (або) для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, для прыватнага бізнесу і замежных інвестараў - ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці ў агавораныя тэрміны або знос набытага аб'екта нерухомасці і будаўніцтва новага аб'екта для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці.
Набываць дзяржаўную ўласнасць для вырашэння жыллёвых праблем грамадзяне цяпер могуць дзякуючы ўказу ад 4 ліпеня 2012 года №294 "Аб парадку распараджэння дзяржаўнай маёмасцю", які прадаставіў ім права набываць нерухомасць пад жыллё або для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі ў малых і сярэдніх населеных пунктах, сельскай мясцовасці. Раней невыкарыстоўваемая дзяржмаёмасць прадавалася фізічным асобам толькі для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, растлумачыў суразмоўца. "Наваўвядзенне будзе спрыяць не толькі ўцягванню маёмасці ў абарот і дапаможа людзям купіць па сходнай цане нерухомасць, але і ўдыхне другое жыццё ў невялікія вёскі", - упэўнены Міхаіл Паўлючкоў. У Віцебскай вобласці на аўкцыёны прадугледжваецца выставіць каля трох дзясяткаў невыкарыстоўваемых аб'ектаў, якія грамадзяне могуць выкупіць для рэканструкцыі пад жыллё.
У 2012 годзе фондам "Віцебскаблмаёмасць" было ўключана ў гаспадарчы абарот 268 аб'ектаў невыкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасці, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, з іх 59% прададзена. У бягучым годзе фонду трэба будзе ўключыць у абарот 289 аб'ектаў камунальнай уласнасці, з якіх на продаж мяркуецца выставіць 184.