Віцебскае медыцынскае прадпрыемства "Сімург" выходзіць на рынак Фінляндыі
12 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскае ЗАТ "Медыцынскае прадпрыемства "Сімург" рыхтуе першую партыю медыцынскіх вырабаў для пастаўкі ў Фінляндыю, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара прадпрыемства Сяргей Цецюеў.
Цяпер завяршаецца падрыхтоўка кантракту з партнёрам з гэтай паўночнаеўрапейскай краіны. У Фінляндыю плануецца пастаўляць вырабы, якія адносяцца да першага (самага бяспечнага) класа патэнцыйнай рызыкі, адзначыў Сяргей Цецюеў. У перспектыве віцебскі вытворца плануе замацавацца на рынку гэтай краіны і пашыраць як наменклатуру вырабаў, так і геаграфію паставак у Еўрасаюз у цэлым.
Сёння каля 60% тыпаў вырабаў прадпрыемства мае СЕ-маркіроўку, якая пацвярджае іх адпаведнасць патрабаванням Дырэктывы Еўрасаюза па бяспецы і якасці медыцынскіх вырабаў. Для пашырэння вобласці прымянення такой маркіроўкі, у тым ліку на вырабы 2-га і 3-га класаў патэнцыйнай рызыкі (самых высокіх), прадпрыемства рыхтуецца прайсці сертыфікацыю сістэмы менеджменту якасці на адпаведнасць патрабаванням стандарту ISO 13485 ва ўпаўнаважаным органе Еўрасаюза. Гэта спецыялізаваны стандарт для медыцынскіх вырабаў, укараненне якога дасць магчымасць "Сімургу" ахапіць маркіроўкай усю гаму выпускаемых вырабаў і павысіць экспартныя магчымасці прадпрыемства на высокаканкурэнтным рынку Заходняй Еўропы, растлумачыў Сяргей Цецюеў. Раней прадпрыемства пастаўляла невялікія партыі вырабаў у Польшчу, Чэхію, Венгрыю, Румынію і Кіпр.
Сёлета яшчэ адным новым кірункам экспарту для "Сімурга" стаў Туркменістан, дзе віцебскі вытворца зарэгістраваў два вырабы для гінекалогіі. Акрамя таго, прадпрыемства завяршыла рэгістрацыю васьмі вырабаў у Казахстане, аднаго вырабу ва Узбекістане, пашырыўшы сваю прысутнасць на рынках гэтых краін. У краінах СНД віцебскі вытворца ўпэўнена ўтрымлівае пазіцыі, прадукцыя "Сімурга" мае ўстойлівую рэпутацыю медыцынскіх вырабаў еўрапейскай якасці, што дазваляе пастаянна нарошчваць аб'ём паставак. Так, за студзень-жнівень прадпрыемства павялічыла аб'ём экспарту на 30% у параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года. Аб'ём вытворчасці прадукцыі вырас прыкладна на 25%, пры гэтым каля 70% вырабаў экспартуецца.
ЗАТ "Медыцынскае прадпрыемства "Сімург" утворана ў 1991 годзе і спецыялізуецца на выпуску медыцынскіх вырабаў для акушэрства, гінекалогіі і ўралогіі, у тым ліку ўнутрыматачных кантрацэптываў, зондаў і іншага інструментарыя. На прадпрыемстве асвоена вытворчасць 10 тыпаў і каля 50 мадыфікацый вырабаў усіх трох класаў патэнцыйнай рызыкі прымянення па класіфікацыі Еўрасаюза, якая дзейнічае ў дачыненні да медыцынскіх вырабаў. Сістэма менеджменту якасці "Сімурга" сертыфікавана на адпаведнасць патрабаванням міжнароднага стандарту ІСА 9001:2009. У інавацыйнай дзейнасці кампанія актыўна супрацоўнічае з Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і Інстытутам тэхнічнай акастыкі НАН Беларусі.-0-