Віцебскае ААТ "Малако" спыніла пастаўкі прадукцыі ў Расію

13 чэрвеня, Мінск /Надзея Радзівон - БЕЛТА/. Віцебскае ААТ "Малако" спыніла пастаўкі малочнай прадукцыі ў Расію пасля таго, як 10 чэрвеня фуры з малаком не прапусцілі на беларуска-расійскай мяжы. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Генадзь Міхалко. Ён адзначыў, што ў Расійскую Федэрацыю пастаўляўся ўвесь спектр суцэльнамалочнай прадукцыі (50 найменняў) - да 100 т штодня. Па выніках мінулага года завод заняў трэцяе месца па аб'ёмах рэалізацыі суцэльнамалочнай прадукцыі на расійскі рынак. Віцебскае малако карысталася попытам у насельніцтва, пакупнікі былі задаволеныя яго якасцю і цаной. Каментуючы сітуацыю, Генадзь Міхалко адзначыў, што зараз на беларуска-расійскай мяжы ляжаць дакументы, дзе прапісана, што без дазволу Роспотребнадзора беларускую малочную прадукцыю нельга прапускаць на тэрыторыю РФ. Прадпрыемству ж сертыфікаты адпаведнасці патрабаванням тэхнічнага рэгламенту на малако і малочную прадукцыю (ад 12.06.2008 № 88-ФЗ) былі выдадзены санэпідэміялагічнымі службамі Смаленска. ААТ "Малако" перапрацоўвае 162 тыс. т малака ў год - 500 т малака ў дзень. 40% прадукцыі, якая вырабляецца, экспартуецца. 96% экспарту прыпадае на расійскі рынак. -0-