Віцебскае ААТ "Малако" пашырае рынкі збыту малака

14 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства "Малако" (Віцебск) пачало работу па дыверсіфікацыі рынкаў збыту малочнай прадукцыі, паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА першы намеснік генеральнага дырэктара акцыянернага таварыства Юрый Балацін. Паводле яго слоў, сярэднеазіяцкі рынак зацікаўлены ў прадукцыі віцебскага малочнага камбіната. Цяпер прадпрыемства вядзе перамовы з казахстанскімі і кітайскімі пакупнікамі. У бліжэйшы час падобная сустрэча запланавана з бізнесменамі з Кыргызстана. Хоць у ААТ "Малако" мелася адладжваная дылерская сетка ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Смаленску і іншых гарадах Расійскай Федэрацыі, пошук новых рынкаў збыту стаў вымушанай мерай у адказ на забарону Роспотребнадзора на ўвоз беларускай малочнай прадукцыі. Штогод расійскім спажыўцам пастаўлялася цэльнамалочная прадукцыя, сыр, сметанковае масла на $30 млн. Па выніках студзеня-мая акцыянернае таварыства нарасціла экспарт на 20% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Аднак з 7 чэрвеня адгрузка ў Расійскую Федэрацыю спынена, бо ў расійскіх мытнікаў ёсць ліст за подпісам дырэктара Федэральнай мытнай службы з прадпісаннем прапускаць на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі прадукцыю, дзе ў суправаджальных дакументах ёсць адзнака адказнай асобы Роспотребнадзора. "Аднак такіх адзнак чыноўнікі не робяць, спасылаючыся на ўказанне свайго кіраўніцтва", - распавёў суразмоўца. Як адзначыў Юрый Балацін, попыт на віцебскую прадукцыю тлумачыўся высокай якасцю. Спецыяльна для таго, каб расійскі спажывец атрымаў свежае малако і смятану, прадпрыемства перайшло на начную адгрузку цэльнамалочнай прадукцыі, якая ўжо праз 8 гадзін была на прылаўках расійскіх крам. Характэрна, што пакупнікі высока ацанілі клопат беларускіх вытворцаў. Па словах суразмоўцы, на ААТ "Малако" ўжо не здзіўляліся лістам з падзякамі ад расійскіх пакупнікоў. Праўда, пасля 7 чэрвеня, на прадпрыемства сталі паступаць іншыя лісты - з просьбай як мага хутчэй аднавіць пастаўкі.-0-