Віцебскае ААТ "Малако" стварае сумесную прадпрыемства ў Казахстане
17 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства "Малако" (Віцебск) стварае ў Казахстане сумесную вытворчасць па выпуску малочнай прадукцыі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік генеральнага дырэктара Віцебскага канцэрна "Мяса-малочныя прадукты" Валянціна Вішнеўская.
Прадпрыемства будзе створана ў горадзе Уральску. Па словах Валянціны Вішнеўскай, віцебскі сасупрацоўнік мае намер паставіць сучаснае абсталяванне, тэхналогіі, а таксама сыравіну: сухое малако і сметанковае масла для выпуску разнастайнай і якаснай прадукцыі. Магчымасць стварэння аналагічнай вытворчасці разглядае і Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат. Да яго паступіла прапанова ад казахстанскага боку.
Стварэнне сумесных прадпрыемстваў з'яўляецца адной з форм прасоўвання сваёй прадукцыі на экспарт і замацавання на новых рынках, лічыць Валянціна Вішнеўская. Прадпрыемствы канцэрна пашыраюць геаграфію сваіх паставак. Калі да апошняга часу каля 80% малочнай прадукцыі пастаўлялася ў Расійскую Федэрацыю, то цяпер экспарт вядзецца ў Сірыю, Польшчу, Францыю, Казахстан. Дзякуючы новым рынкам прадпрыемствам канцэрна ўдалося цалкам вызваліць склады ад сметанковага масла і казеіну. Попытам карыстаецца сухое малако, яго ахвотна купляюць у Францыі. Лепельскі, Віцебскі, Глыбоцкі і Полацкі малочныя заводы заключылі кантракты на пастаўку сухога малака ў Ірак у агульным аб'ёме 3 тыс. т. Дзякуючы асваенню новых рынкаў збыту толькі за два тыдні жніўня прадпрыемствам канцэрна ўдалося скараціць складскія запасы на Br15 млрд.
Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты" - адно з найбуйнейшых аб'яднанняў мяса-малочнай прамысловасці Беларусі. У яго склад уваходзяць 8 прадпрыемстваў малочнай галіны і 4 мясной. За 6 месяцаў бягучага года прадпрыемствамі канцэрна выраблена прадукцыі на Br661,1 млрд. Тэмп росту ў супастаўных цэнах склаў 114,3%. На экспарт рэалізавана прадукцыі на $80 млн. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года тэмп росту экспартных паставак знізіўся.-0-