Віцебскае абласное УМНС: ад навальнічнага фронту больш за ўсё пацярпеў Расонскі раён

Витебское областное УМЧС: от грозового фронта больше всего пострадал Россонский район

Учора на Віцебскую вобласць абрынуўся навальнічны фронт, пацярпелі 4 раёны. Самыя вялікія разбурэнні зафіксаваны на Расоншчыне. Пра гэта на брыфінгу паведаміў першы намеснік начальніка абласнога УМНС Андрэй Гаўрыленка.

Моцны вецер, які дасягаў 16 м/с, пашкодзіў дахі жылых дамоў, школ, садкоў, паваліў дрэвы ў 6 населеных пунктах Полацкага, Расонскага, Сянненскага і Глыбоцкага раёнаў.

"У Расонскім раёне вецер пашкодзіў дахі 27 жылых дамоў, 10 аб'ектаў сацыяльна-культурнай сферы (бальніцы, школы, дзіцячыя сады і інш.), чатырох гаспадарчых пабудоў. Былі павалены дрэвы. Жанчына, якая трапіла пад паваленае дрэва, дастаўлена ў бальніцу з траўмамі", - распавёў Андрэй Гаўрыленка.

Ён дадаў, што ў Расонах упала і вышка сувязі МТС. Жыхары раёна засталіся без сотавай сувязі. За ноч вышку ўсталявалі зноў, сувязь была адноўлена.

Работнікі МНС і ў начны час ліквідавалі наступствы стыхіі. У прыватнасці, прыбіралі элементы даху, якія навісалі над пад'ездамі дамоў, каб яны не абрынуліся.

У кожным раёне, дзе шквалісты вецер нанёс шкоду, аператыўна спрацавалі аварыйныя брыгады, камісіі па НС, у тым ліку сітуацыйныя штабы, якія прымалі неадкладныя меры па ліквідацыі наступстваў. Усяго на аварыйных працах было задзейнічана 40 адзінак тэхнікі МНС і больш за 150 чалавек асабовага складу. Выратавальнікам дапамагалі ў ліквідацыі пашкоджанняў работнікі ЖКГ, аблгаза, энергетыкі, ляснікі.

Яшчэ застаюцца абясточанымі 10 населеных пунктаў Расонскага, Глыбоцкага і Полацкага раёнаў. Выратавальнікі і зацікаўленыя службы раёнаў працягваюць аднаўленчыя працы.


БЕЛТА. Фото "Віцебскія весці".