Віцебскае абласное ўпраўленне па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні прызнана лепшым

Па выніках працы за мінулы год пераможцам сярод абласных упраўленняў Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва прызнана Віцебскае.

Гонар і адказнасць

Віцебшчына заўсёды славілася сваімі здраўніцамі. Паўночны рэгіён Беларусі — гэта край шматлікіх блакітных азёр і рэк, чыстых лясоў, запаведных мясцін. Невыпадкова, па статыстыцы, больш за ўсё жадаючых адпачыць у любую пару года, але асабліва ў летні перыяд, выбіраюць менавіта Віцебшчыну. Прыродныя ўмовы, лячэбныя фактары ствараюць цудоўную магчымасць арганізаваць на высокім якасным узроўні аздараўленне ў санаторна-курортных арганізацыях, на базах адпачынку, у іншых установах. Шырока развітая тут і сетка дзіцячых аздараўленчых устаноў.

Пра тое, чым распараджаецца база аздараўленчых, санаторна-курортных устаноў вобласці, што робіцца па яе абнаўленні, хто прыязджае на адпачынак і лячэнне ў Прыдзвінскі край, расказала карэспандэнту "НГ" начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Алена Андрэйкава:

— Перш за ўсё хачу адзначыць, што наша праца заслужыла высокую ацэнку не толькі Рэспубліканскага цэнтра, гэта прызнанне заслуг усіх здраўніц вобласці, іх калектываў, падзяка многіх тысяч людзей, якія атрымалі якасны адпачынак і лячэнне ў санаторыях Віцебшчыны. Гэта для нас вялікі гонар і адказнасць, аванс на будучыню. Наперадзе — новыя вялікія задачы.

Пуцёўкі: каму і колькі?

У Віцебскай вобласці дзейнічае 13 санаторна-курортных арганізацый, у тым ліку сем санаторыяў для дарослых, адзін дзіцячы, адзін дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр і чатыры студэнцкія санаторыі-прафілакторыі. За мінулы год санаторна-курортныя арганізацыі вобласці рэалізавалі амаль 69,2 тысячы пуцёвак. Каму яны дасталіся? Пятая частка (20,1 працэнта агульнай колькасці) — 13 945 пуцёвак — рэалізаваны Рэспубліканскаму цэнтру, 20 405 пуцёвак (29,5 працэнта) прададзены юрыдычным асобам, крыху больш за палову — 34 844 пуцёўкі (50,4 працэнта) — набылі фізічныя асобы, т. е. насельніцтва.

Некаторыя мяркуюць, што большасць пуцёвак набываюць замежныя грамадзяне, прычым па выгаднай для іх цане. Гэта далёка не так. За мінулы год грамадзянам іншых дзяржаў (пераважна расіянам) рэалізавана 28 310 пуцёвак, што практычна на ўзроўні папярэдняга года. Наколькі мне вядома, у іншых абласцях назіраецца нават зніжэнне гэтага паказчыка. Дарэчы, у 2009 годзе, калі была праведзена аптымізацыя сістэмы санаторна-курортнага лячэння, пуцёўкі ў аздараўленчыя ўстановы Віцебскай вобласці набылі толькі 695 замежнікаў.

Спроса і прапанова

Вядома, вельмі важнае пытанне — як максімальна запоўніць месцы ў санаторыі, атрымаць больш грашовай выручкі за пуцёўкі і дадатковыя платныя паслугі.

За мінулы год выручка ад рэалізацыі паслуг замежным грамадзянам па санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні склала 137,2 мільярда рублёў. Тэмп росту да ўзроўню папярэдняга года — 112 працэнтаў. Калі казаць у цэлым, то ўдзельная вага пуцёвак, рэалізаваных замежным грамадзянам, складае 40,9 працэнта іх агульнай колькасці.

У разрэзе санаторыяў гэты паказчык яшчэ вышэй. Напрыклад, у санаторыі "Лётцы" ён складае 81 працэнт, у "Лясных азёрах" — 78,8, у санаторыі "Баравое" — 40,8 працэнта, у Лепельскім ваенным санаторыі — 58,7, у санаторыі "Лясное" — 64,3 працэнта. Трэба ўлічваць, што такія санаторыі, як "Нафтан", "Расінка", "Жамчужына", практычна не працуюць з замежнымі грамадзянамі. Значыць, у цэлым гэты паказчык па вобласці будзе ніжэй.

Самыя выгадныя інвестыцыі

Гэта інвестыцыі ў сістэму аздараўлення, лячэння людзей. Здаровая нацыя — багатая нацыя. Праграмай развіцця сістэмы санаторна-курортнага аздараўлення насельніцтва прадугледжана значнае ўмацаванне і пашырэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўсіх аздараўленчых устаноў Прыдзвінскага краю. Толькі ў 2013 годзе на гэтыя мэты было выдзелена і асвоена звыш 27,8 мільярда рублёў.

Напрыклад, у дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры "Жамчужына" праведзены работы на свідравані мінеральнай вады, завяршаецца будаўніцтва бювета. Для дзіцячага санаторыя "Расінка" ААТ "Белаграздраўніца" набыло медыцынскае абсталяванне на суму 2,9 мільярда рублёў. Пачата будаўніцтва новага жылога корпуса на 48 месцаў для аддзялення бацькоў з дзецьмі, яго ўвод у эксплуатацыю плануецца сёлета. Праведзены рамонт актавай залы, устаноўлены новыя крэслы і гукавая апаратура.

У санаторыі "Лясное" КДБ Беларусі ўведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання вады. У санаторыі "Лясныя азёры" пабудаваны два драўляныя домікі для адпачывальнікаў, жылы і лячэбны корпусы злучаны пераходам, дадаткова абсталявана дзевяць лячэбных кабінетаў, вядзецца будаўніцтва плавальнага басейна. У санаторыі "Чыгуначнік" працягваюцца рэканструкцыя жылога корпуса і будаўніцтва новага лячэбнага корпуса з плавальным басейнам.

Прывабны маркетынг

Каб паспяхова выконваць прагнозныя паказчыкі развіцця, пашыраць паслугі, павышаць іх якасць, павялічваць выручку ад рэалізацыі пуцёвак і дадатковых платных паслуг, трэба вельмі пісьменна і дакладна выбудоўваць маркетынгавую палітыку, умець прапанаваць, зацікавіць кліентаў. Рынак санаторна-курортных паслуг у Беларусі дастаткова насычаны, трэба вытрымліваць канкурэнцыю і так выбудоўваць працу, каб якасць паслуг, эфектыўнасць лячэння і адпачынку адпавядалі кошту пуцёўкі. Прычым выключна для ўсіх. Не трэба забываць, што гэта беларускія здраўніцы, якія працуюць у рэчышчы дзяржаўнай палітыкі па аздараўленні насельніцтва, у інтарэсах перш за ўсё грамадзян сваёй краіны.

Дзіцячыя — лепшыя

— Прыемна адзначыць, — падкрэсліла Алена Андрэйкава, — што дзве дзіцячыя здраўніцы Віцебскай вобласці занялі першыя месцы ў рэспубліцы.

Сярод дзіцячых санаторыяў краіны пераможцам прызнаны філіял "Дзіцячы санаторый "Расінка" ААТ "Белаграздраўніца". І гэта далёка не першая перамога за апошнія гады. Сярод дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў першае месца прысуджана ДРАЦ "Жамчужына" ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама.

Добрых слоў, удзячнасці заслугоўваюць і іншыя аздараўленчыя ўстановы Прыдзвінскага краю. Іх работнікі прыкладаюць максімум намаганняў для таго, каб насельніцтва, і асабліва дзеці, маглі добра, з карысцю адпачыць, падлячыцца, адначасова працягваючы заняткі ў школах, якія дзейнічаюць у дзіцячых аздараўленчых установах.

Хутка пачнецца летні аздараўленчы сезон. Усе санаторна-курортныя арганізацыі Віцебскай вобласці актыўна рыхтуюцца да таго, што ў аздараўленчыя ўстановы будуць масавыя заезды на адпачынак і лячэнне. Супрацоўнікі нашага ўпраўлення, спецыялісты на месцах прыкладаюць максімальныя намаганні для таго, каб прапанаваць усім якасныя паслугі, лячэнне, добра арганізаваць працу аздараўленчых устаноў, культурна-забаўляльныя праграмы і па магчымасці забяспечыць усіх жадаючых пуцёўкамі.

Віктар Чарнушэнка, "Народная газета"