Віцебскае аддзяленне БелГПП арганізуе візіт спецыялістаў будаўнічай індустрыі ў Італію

16 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Візіт прадстаўнікоў айчыннага бізнесу ў Італію арганізуе Віцебскае аддзяленне БелГПП у лютым гэтага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзяленні БелГПП. Асноўным пунктам праграмы дзелавой паездкі стане наведванне Міжнароднай выстаўкі будаўніцтва, архітэктуры і дызайну MADE Expo-2010. Удзельнікі дэлегацыі, у склад якой увойдуць дзесяць кіраўнікоў і спецыялістаў прадпрыемстваў, азнаёмяцца з перадавымі тэхналагічнымі рашэннямі для будаўнічай галіны, сучаснымі матэрыяламі і абсталяваннем, асноўнымі тэндэнцыямі развіцця індустрыі будаўнічага дызайну і інтэр'ера памяшканняў. Акрамя таго, для беларускіх прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў плануецца арганізаваць наведванне прадпрыемстваў, а таксама бізнес-сустрэчы з прадстаўнікамі будаўнічых кампаній Італіі. Падчас мерапрыемстваў будуць абмяркоўвацца пытанні арганізацыі паставак беларускай прадукцыі і паслуг на еўрапейскі рынак, магчымасці па наладжванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, у тым ліку па рэалізацыі сумесных праектаў і прыцягненні інвестыцый. Выстаўка MADE Expo-2010 з'яўляецца адным з найбуйнейшых спецыялізаваных выставачных праектаў Італіі, у 2009 годзе ў ёй прынялі ўдзел звыш 1,7 тыс. прадпрыемстваў-экспанентаў, а плошча экспазіцыі перавысіла 100 тыс. кв.м. У 2010 годзе арганізатары выстаўкі плануюць пры фарміраванні экспазіцыі надаць асаблівую ўвагу інавацыям і сучасным тэхналогіям у будаўніцтве і архітэктуры. Дзелавы візіт арганізаваны сумесна з пасольствам Рэспублікі Беларусь у Італьянскай Рэспубліцы.-0-