Віцебскае аддзяленне БелГПП плануе нарошчваць аб'ём паслуг прадпрыемствам па асваенні новых рынкаў

6 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Павелічэнне аб'ёму паслуг і павышэнне якасці кансультацыйнай дапамогі беларускім прадпрыемствам у галіне знешнеэканамічнай дзейнасці, актывізацыя ўзаемадзеяння з вытворцамі па асваенні імі новых рынкаў будзе прыярытэтам у дзейнасці Віцебскага аддзялення БелГПП у будучай пяцігодцы. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар аддзялення Валерый Буткевіч. Збалансаванасць знешняга гандлю і нарошчванне экспартнага патэнцыялу з'яўляюцца стратэгічнымі задачамі для беларускай эканомікі, аб чым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі на IV Усебеларускім народным сходзе. "Павышэнне канкурэнтаздольнасці таваравытворцаў кіраўнік дзяржавы ўзвёў, па сутнасці, у ранг пытанняў нацыянальнай бяспекі, таму ўсе нашы планы будуць будавацца зыходзячы з неабходнасці аказання максімальнага садзейнічання айчынным прадпрыемствам у гэтай сферы", - падкрэсліў Валерый Буткевіч. Далёка не кожнае прадпрыемства мае магчымасць утрымліваць у сваім штаце паўнавартасную службу маркетынгу, перакладчыкаў, юрыстаў, без якіх немагчыма ажыццяўляць знешнеэканамічную дзейнасць. У эфектыўным вырашэнні гэтых праблем Віцебскае аддзяленне БелГПП заўсёды гатова прыйсці на дапамогу айчынным вытворцам. Акрамя таго, у актыве Віцебскага аддзялення больш за 70 пагадненняў аб супрацоўніцтве з замежнымі партнёрамі. Гэта дае магчымасць эфектыўна аказваць садзейнічанне прадпрыемствам у пошуку дзелавых партнёраў, рэалізоўваць планы па дыверсіфікацыі экспарту прадукцыі і замацаванні на новых рынках збыту. Толькі за перыяд з 2008 года аддзяленне заключыла 11 пагадненняў аб супрацоўніцтве з рэгіянальнымі палатамі краін блізкага і далёкага замежжа, у тым ліку з Чаркаскай ПП, Днепрапятроўскай ПП і Данецкай ПП, ПП Тавушскага рэгіёну Арменіі, ПП горада Конья (Турцыя). Такая праца спрыяе не толькі развіццю добрасуседскіх адносін паміж рэгіёнамі, але і ўсталяванню дзелавога супрацоўніцтва айчынных прадпрыемстваў з бізнесамі іншых краін. Віцебскае аддзяленне БелГПП пастаянна пашырае геаграфію дзелавых візітаў прадстаўнікоў беларускага бізнесу. За апошнія гады дзелавыя паездкі арганізаваны ў Японію, Кітай, Італію, Францыю, Бразілію і шэраг іншых краін. У 2010 годзе практычна штомесяц аддзяленне арганізуе кірмашы выхаднога дня айчынных вытворцаў у расійскіх гарадах, якія праходзяць з нязменным поспехам. Акрамя таго, у 2009 годзе аддзяленне правяло маштабныя знешнеэканамічныя мерапрыемствы - Дні Віцебскай вобласці ў Даўгаўпілсе і прэзентацыю Віцебскай вобласці ў Лейпцыгу (Германія). У кастрычніку 2010 года адбылося аналагічнае мерапрыемства ў горадзе Брэшыя (Італія). Па выніках гэтых знешнеэканамічных праектаў рыхтуюцца адказныя візіты бізнес-дэлегацый Германіі і Італіі, якія плануюцца на 2011 год. Арганізацыя такіх мерапрыемстваў, удзел айчынных вытворцаў у перадавых выставачных праектах спрыяе павышэнню кваліфікацыі беларускіх спецыялістаў у галіне менеджменту і маркетынгу, а таксама актуалізуе іх веды ўмоў працы на знешніх рынках і магчымасцей эфектыўнага пранікнення на новыя рынкі, у тым ліку праз кааперацыю з замежнымі партнёрамі.-0-