Віцебскае аддзяленне БелГПП у 2010 годзе правяло больш за 40 знешнеэканамічных мерапрыемстваў

5 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскае аддзяленне БелГПП у 2010 годзе арганізавала больш за 40 знешнеэканамічных мерапрыемстваў з удзелам звыш 360 прадпрыемстваў і арганізацый з усіх рэгіёнаў Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзяленні. Упершыню Віцебскае аддзяленне БелГПП выступіла арганізатарам афіцыйных дзелавых візітаў дэлегацый Віцебскай вобласці ў Лейпцыг (Германія) і Брэшыю (Італія), падчас якіх адбыліся прэзентацыі эканамічных магчымасцей вобласці і перамовы аб перспектывах супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі і бізнесамі дзвюх краін. Так, па выніках перамоваў у Германіі прапрацоўваецца пытанне аб арганізацыі выставы-прэзентацыі нямецкіх вытворцаў у Віцебску. Віцебская дэлегацыя праявіла цікавасць да ўкаранення нямецкіх тэхналогій у камунальную інфраструктуру гарадоў вобласці. З патэнцыйнымі партнёрамі з Італіі дасягнуты папярэднія дамоўленасці аб узаемадзеянні ў турыстычнай сферы. Таксама віцебскі бізнес зацікавіўся італьянскімі тэхналогіямі для перапрацоўкі пабочных прадуктаў вытворчасці ў энергетычныя рэсурсы. Кіраўнікі прадпрыемстваў вобласці азнаёміліся з магчымасцямі ўзаемадзеяння з італьянскімі партнёрамі пры мадэрнізацыі і тэхнічным пераўзбраенні вытворчых комплексаў. Акрамя таго, падчас візіту ў Італію было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Віцебскім аддзяленнем БелГПП і Асацыяцыяй гандлёва-прамысловых палат краін Цэнтральнай Еўропы (ACCOA). Такім чынам, створана аснова для фарміравання спрыяльнага асяроддзя па пошуку дзелавых партнёраў, устанаўленні кантактаў паміж беларускімі і італьянскімі прадпрыемствамі, а таксама пашырэнні эканамічнай кааперацыі рэгіёнаў дзвюх краін. Усяго Віцебскае аддзяленне БелГПП мае больш за 70 пагадненняў аб супрацоўніцтве з замежнымі партнёрамі. Гэта дае магчымасць пастаянна павышаць эфектыўнасць работы аддзялення па аказанні садзейнічання прадпрыемствам віцебскага рэгіёну ў пошуку дзелавых партнёраў, дыверсіфікацыі экспарту прадукцыі і замацаванні на новых рынках збыту. З улікам гэтых задач Віцебскае аддзяленне БелГПП пастаянна пашырае геаграфію дзелавых візітаў прадстаўнікоў беларускага бізнесу. У 2010 годзе аддзяленне арганізавала каля 10 такіх візітаў у Японію, Кітай, Італію, Бразілію і Германію. Традыцыйна выбудоўвалася актыўная работа з расійскімі рэгіёнамі, дзе праведзена больш за 20 выстаў-кірмашоў выхаднога дня беларускіх вытворцаў, а таксама арганізавана ўдзел айчынных прадпрыемстваў у расійскіх рэгіянальных выставах. З нязменным поспехам праходзяць такія выставачныя мерапрыемствы ў Санкт-Пецярбургу, Маскве, Пскове, Смаленску. У Віцебскай вобласці членамі БелГПП з'яўляюцца амаль 150 суб'ектаў гаспадарання, з якіх больш за 80% працуюць у Віцебску, Полацку і Наваполацку.-0-