Віцебскае аддзяленне БелГПП у лютым арганізуе для вытворцаў дзелавыя паездкі ў Расію і ФРГ

25 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскае аддзяленне БелГПП у лютым 2010 года арганізуе для айчынных вытворцаў тры знешнеэканамічныя мерапрыемствы ў Расіі і Германіі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзяленні.

Дзелавая паездка ў Германію 15-20 лютага будзе прысвечана ўдзелу ў міжнароднай будаўнічай выставе Bautec 2010 у Берліне. Члены беларускай дэлегацыі азнаёмяцца з еўрапейскімі тэхналогіямі будаўніцтва, рэканструкцыі і мадэрнізацыі будынкаў і збудаванняў, тэхналагічнымі рашэннямі ў галіне павышэння эфектыўнасці ў будаўніцтве, а таксама сучаснымі матэрыяламі і абсталяваннем. У дзелавой праграме выставы будуць арганізаваны бізнес-сустрэчы з прадстаўнікамі еўрапейскай будаўнічай індустрыі. Удзел у мерапрыемстве дасць магчымасць абмеркаваць пытанні арганізацыі паставак беларускай прадукцыі і паслуг на еўрапейскі рынак, інвестыцыйнага супрацоўніцтва і вытворчай кааперацыі, у тым ліку рэалізацыі сумесных праектаў.

Для прадпрыемстваў харчовай галіны і вытворцаў тавараў народнага спажывання Віцебскае аддзяленне арганізуе ўдзел у двух выставачных праектах у Расіі. Зімовы кірмаш "Беларусь - Расія на УВЦ" пройдзе 27 студзеня - 1 лютага на тэрыторыі Усерасійскага выставачнага цэнтра, а 11-13 лютага адбудзецца Міжнародная выстава-кірмаш "Святочная" у Смаленску. Айчынныя прадпрыемствы атрымаюць магчымасць пашырыць спажывецкую аўдыторыю, правесці сустрэчы з дзелавымі партнёрамі па пытаннях арганізацыі прамых паставак беларускіх тавараў. Асноўнай мэтай мерапрыемстваў з'яўляецца стымуляванне экспарту і прасоўванне прадукцыі беларускіх вытворцаў на знешнія рынкі.-0-