Віцебскае аддзяленне БелГПП заключыла з замежнымі партнёрамі больш за 70 пагадненняў аб супрацоўніцтве
21 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскае аддзяленне БелГПП за перыяд з 2008 года заключыла 11 пагадненняў аб супрацоўніцтве з рэгіянальнымі палатамі краін блізкага і далёкага замежжа. Аб гэтым паведаміў генеральны дырэктар аддзялення Валерый Буткевіч на абласным сходзе членаў БелГПП, які прайшоў сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У апошнія гады Віцебскае аддзяленне БелГПП актывізавала работу па ўсталяванні прамых кантактаў з партнёрскімі арганізацыямі іншых краін. Так, за гэты час пагадненні аб супрацоўніцтве падпісаны з ГПП горада Пенза (Расія), украінскімі Чаркаскай ГПП, Днепрапятроўскай ГПП і Данецкай ГПП, ГПП Тавушскага рэгіёна Арменіі і ГПП горада Конья Турцыі. Такая работа спрыяе не толькі развіццю добрасуседскіх адносін паміж рэгіёнамі, але і ўсталяванню і пашырэнню дзелавога супрацоўніцтва айчынных прадпрыемстваў з бізнесамі іншых краін, выхаду айчыннага вытворцы на новыя рынкі збыту, адзначыў Валерый Буткевіч.
Усяго Віцебскім аддзяленнем БелГПП падпісана больш за 70 пагадненняў аб супрацоўніцтве з замежнымі партнёрамі. Гэта дае магчымасць пастаянна павышаць эфектыўнасць работы аддзялення па аказанні садзейнічання прадпрыемствам Віцебскага рэгіёна ў пошуку дзелавых партнёраў, дыверсіфікацыі экспарту прадукцыі і замацаванні на новых рынках збыту. З улікам гэтых задач Віцебскае аддзяленне БелГПП пастаянна пашырае геаграфію дзелавых візітаў прадстаўнікоў беларускага бізнесу. За апошнія гады такія паездкі арганізаваны ў Японію, Кітай, Італію, Францыю, Бразілію і шэраг іншых краін. Традыцыйна вядзецца актыўная работа з расійскімі рэгіёнамі. З нязменным поспехам праходзяць кірмашы выхаднога дня ў Санкт-Пецярбургу, Маскве, Пскове, Туле, Калузе, Курску. Пачынаючы з 2009 года Віцебскае аддзяленне актывізавала работу з украінскімі партнёрамі. Акрамя таго, у мінулым годзе аддзяленне правяло маштабныя знешнеэканамічныя мерапрыемствы "Дні Віцебскай вобласці ў Даўгаўпілсе" і прэзентацыю Віцебскай вобласці ў Лейпцыгу (Германія). У кастрычніку 2010 года рыхтуецца аналагічнае мерапрыемства ў Брэшыі (Італія).
У Віцебскай вобласці членамі БелГПП з'яўляюцца амаль 150 суб'ектаў гаспадарання, з якіх больш за 80% працуюць у Віцебску, Полацку і Наваполацку.-0-