Віцебскае аддзяленне БЧД плануе накіраваць каля Br30 млрд. на рэканструкцыю вакзала ў Віцебску
26 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі плануе накіраваць каля Br30 млрд. на рэканструкцыю чыгуначнага вакзала ў Віцебску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка аддзялення Павел Патапенка.
Праект прадугледжвае паэтапнае правядзенне работ без спынення функцыянавання вакзальнага комплексу. У 2009 годзе ўведзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс коштам Br7,8 млрд. За кошт гэтых сродкаў выканана рэканструкцыя правага крыла будынка вакзала. Віцябляне і госці горада ўжо змаглі ацаніць камфорт і ўтульнасць абноўленай залы для транзітных пасажыраў, у якой можна атрымаць увесь неабходны спектр паслуг, уключаючы інтэрнэт-доступ. Упершыню тут з'явіліся 14 камфартабельных двухмесных нумароў гасцінічнага тыпу. Сучасная мадэрнізацыя закранула іншыя аб'екты інфраструктуры вакзальнага комплексу, у тым ліку медыцынскі пункт, камеры захоўвання. Неад'емным элементам рэканструкцыі з'яўляецца арганізацыя сучаснай сістэмы кандыцыянавання і ацяплення ў будынку, а таксама стварэнне безбар'ернага асяроддзя для асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Пасля поўнага завяршэння работ такім пасажырам будзе забяспечаны доступ да ўсёй інфраструктуры вакзальнага комплексу, падкрэсліў Павел Патапенка.
На другім этапе рэканструкцыі, які ажыццяўляецца ў цяперашні час, прадугледжваецца выкананне работ у левым крыле вакзала. Тут размешчаны касы і зала чакання для пасажыраў прыгараднага паведамлення, аб'екты грамадскага харчавання. Праектам прадугледжваецца і рамонт першай платформы з арганізацыяй навеса для пасажыраў. Агульны аб'ём работ складзе амаль Br9 млрд. Аб'яўленыя рэстаран, кафэ, сетка міні-кафэ хуткага харчавання, выкананае ў сучасным стылі памяшканне цырульні змогуць прыняць першых наведвальнікаў, верагодна, ужо ў дні правядзення міжнароднага фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" ў ліпені будучага года.
Акрамя таго, у снежні бягучага года паралельна з работамі на другім пускавым комплексе вакзала плануецца прыступіць да капітальнага рамонту трэцяй і чацвёртай платформ, а таксама рэканструкцыі пешаходнага моста з выхадамі на платформы.
Завяршальным этапам стане рэканструкцыя цэнтральнай залы вакзальнага комплексу, дзе размешчаны касы міжгародніх і міжнародных паведамленняў, зала чакання, іншыя аб'екты інфраструктуры. Папярэдні кошт усяго праекта рэканструкцыі ацэньваецца ў Br30 млрд., але аб'ём інвестыцый можа быць скарэкціраваны пасля заканчэння праектавання трэцяга пускавога комплексу.
Будынак чыгуначнага вакзала ў Віцебску пабудаваны ў пачатку 1950-х гадоў па праекце архітэктара Барыса Мезенцава.-0-