Віцебскае прадпрыемства "Белвітуніфарм" плануе запусціць першую лінію па выпуску медпрэпаратаў

26 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. РУП "Белвітуніфарм" прыступіла да мантажу першай лініі па фасоўцы лекавых прэпаратаў коштам каля Br3,1 млрд, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Алег Меркушаў. Абсталяванне выраблена ў Германіі па замове віцебскага прадпрыемства. Сучасная лінія па фасоўцы і ўпакоўцы лекавых прэпаратаў цалкам камп'ютарызавана і дазваляе фасоўваць розныя формы цвёрдых лекавых сродкаў, пры гэтым час пераналадкі на новы фармат не перавышае 20 хвілін. Максімальная прадукцыйнасць лініі складае да 400 блістэраў (першасных упаковак ад 5 да 10 таблетак) у хвіліну, а прымяняемая тэхналогія мінімізуе адходы пакавальных матэрыялаў. Тэсціраванне і сэрвіснае абслугоўванне абсталявання будзе забяспечваць непасрэдна фірма-вытворца праз Інтэрнэт. Увод лініі ў эксплуатацыю, запланаваны на чэрвень, дазволіць прадпрыемству да канца 2010 года асвоіць выпуск 13 найменняў прэпаратаў, а ў перспектыве давесці гэту колькасць да 50 найменняў, з якіх 48 прэпаратаў плануецца выпускаць у таблетаванай форме, астатнія – у жацінавых капсулах. У асноўным гэта будуць супрацьзапаленчыя, антыбактэрыяльныя прэпараты, у тым ліку прызначаныя для лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы і стрававання. Партнёрам віцебскага прадпрыемства выступае іарданскае фармацэўтычнае прадпрыемства JPM. Іарданскі вытворца плануе перадаць тэхналогіі вытворчасці ў агульнай складанасці 190 прэпаратаў, з якіх каля 80% з'яўляюцца імпартазамяшчальнымі. Акрамя таго, цяпер вядуцца работы па акцыянаванню "Белвітуніфарма". Прадпрыемства зацікаўлена ў прыцягненні інвестара, у тым ліку на стадыі акцыянавання. "Цяпер мы вядзём перамовы з іарданскімі партнёрамі па гэтых пытаннях і дасягнулі папярэдняй згоды на іх удзел у прыватызацыі шляхам унясення ва ўстаўны фонд будучага акцыянернага таварыства нематэрыяльных актываў у выглядзе тэхналогій вытворчасці лекавых прэпаратаў", – сказаў Алег Меркушаў. Другі этап рэалізацыі праекта разлічаны на 2011 год і прадугледжвае стварэнне вытворчасці поўнага тэхналагічнага цыклу. Прадпрыемства плануе закупіць яшчэ дзве лініі, у тым ліку па вытворчасці мяккіх лекавых форм. Паралельна вядуцца работы па абгрунтаванні інвестыцый па трэцім этапе праекта. Ён прадугледжвае ўвядзенне ў эксплуатацыю яшчэ аднаго вытворчага корпуса плошчай каля 20 тыс. кв.м, дзе таксама будзе арганізавана вытворчасць лекавых сродкаў па поўным тэхналагічным цыкле і абсталяваны складскія памяшканні. Прадпрыемства арыентавана не толькі на выпуск, але і на распрацоўку сучасных лекавых прэпаратаў, для чаго прадугледжваецца арганізацыя навукова-даследчага цэнтра сумесна з Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам. Для павышэння экспартнага патэнцыялу плануецца сертыфікаваць вытворчасць на адпаведнасць міжнародным стандартам якасці GMP. У агульным аб'ёме вытворчасці на цвёрдыя лекавыя формы будзе прыпадаць 68%, на мяккія (мазі і гелі) – каля 11%, астатняе – стэрыльныя прэпараты для ін'екцый. Агульны кошт праекта ацэньваецца ў суму каля 80 млн еўра. Гадавая выручка "Белвітуніфарма" пры поўнай загрузцы вытворчых магутнасцей прагназуецца на ўзроўні каля 100 млн еўра. РУПП "БелВітуніфарм" створана ў кастрычніку 2008 года для рэалізацыі праекта па арганізацыі хіміка-фармацэўтычнай вытворчасці ў Віцебску.-0-