Віцебскае прадпрыемства "Наўмаш" плануе сертыфікаваць СМК і прадукцыю ў амерыканскай сістэме API
6 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Сумеснае беларуска-брытанскае ЗАТ "Віцебскі машынабудаўнічы завод "Новмаш" плануе сертыфікаваць сістэму менеджменту якасці прадпрыемства і выпускаемыя вырабы ў амерыканскай сістэме сертыфікацыі API, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Ігар Дворнік.
Сертыфікацыя ў сістэме API пацвярджае адпаведнасць сістэмы менеджменту якасці прадпрыемства і выпускаемай прадукцыі сусветным стандартам бяспекі і служыць дапускам да працы на нафтавых і газавых свідравінах па ўсім свеце, растлумачыў кіраўнік. Атрыманне такога сертыфіката дасць магчымасць віцебскаму прадпрыемству выйсці на рынкі краін Амерыкі, Азіі і Афрыкі. Цяпер машынабудаўнічы завод праходзіць першы этап сертыфікацыі і мае намер да канца 2010 года атрымаць спецыфікацыю Q1, якая пацвярджае адпаведнасць укаранёнай на прадпрыемстве сістэмы менеджменту якасці патрабаванням стандарту API, а ў наступным годзе плануецца атрымаць сертыфікаты API на вырабы, якія выпускае "Новмаш". Пакуль у Беларусі такі сертыфікат мае толькі Жлобінскі металургічны завод.
Рэзідэнт СЭЗ "Віцебск" СЗАТ "Віцебскі машынабудаўнічы завод "Новмаш" уваходзіць у склад групы кампаній "ФІД" (Беларусь). Віцебскае прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці вузлоў і механізмаў для мабільных калтюбінгавых установак і іншага абсталявання, якое выкарыстоўваецца ў нафтаздабываючых устаноўках і пры нафтаздабычы. Акрамя шырокай гамы камплектуючых для галоўнага прадпрыемства, "Новмаш" выпускае гатовыя вырабы па індывідуальных заказах.
Так, у 2010 годзе прадпрыемства асвоіла вытворчасць мабільнай калтюбінгавай устаноўкі. Такая ўстаноўка выкарыстоўваецца для рамонту нафтавых і газавых свідравін. У яе склад уваходзіць масіўны механізаваны барабан, на які намотваецца сталёвая гнуткая труба даўжынёй да 5 км і дыяметрам 38 мм. Пры нафтаздабычы свідравіна, як правіла, забіваецца парафінам і іншымі спадарожнымі элементамі. Калтюбінгавая ўстаноўка дазваляе эфектыўна рамантаваць свідравіну з мінімальнымі эксплуатацыйнымі і часавымі затратамі. У свідравіну падаецца труба, праз унутраную поласць якой у сваю чаргу падаецца спецыяльны раствор для чысткі свідравіны, растлумачыў Ігар Дворнік.
У 2011 годзе прадпрыемства плануе пашырыць вытворчую пляцоўку, што дазволіць наросціць аб'ёмы вытворчасці ў асноўным за кошт зборачных работ і вытворчасці металаканструкцый для галоўнага прадпрыемства. Акрамя таго, "Новмаш" плануе выпускаць у год да 4-5 мабільных калтюбінгавых установак на базе шасі вядучых аўтамабільных брэндаў. У цяперашні час гэтыя пытанні прапрацоўваюцца, рэалізацыя планаў будзе залежаць ад рынкавай сітуацыі.-0-