Віцебскае прадпрыемства "Сімург" асвоіла выпуск дзевяці новых мадэляў медыцынскіх вырабаў для гінекалогіі

12 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Закрытае акцыянернае таварыства "Медыцынскае прадпрыемства "Сімург" асвоіла выпуск дзевяці новых мадэляў медыцынскіх вырабаў для акушэрства, гінекалогіі і ўралогіі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара прадпрыемства Алег Ахтанін. Паводле яго слоў, новыя мадэлі зондаў, якія выпускаюцца пад гандлёвай маркай "Юнона", распрацаваны непасрэдна на віцебскім прадпрыемстве і ў большасці не маюць аналагаў, у тым ліку і ў свеце, падкрэсліў ён. Вырабы прызначаны для выканання медыцынскіх даследаванняў, а таксама правядзення розных гінекалагічных і ўралагічных працэдур і маніпуляцый. Па рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя яны выпускаюцца аднаразовага прымянення. "Сімург" выпускае навінкі па поўным тэхналагічным цыкле, на прадпрыемстве ўстаноўлена высокатэхналагічнае абсталяванне ў асноўным нямецкай вытворчасці. Упакаваныя вырабы праходзяць працэдуру стэрылізацыі ў дзяржаўнай навуковай установе "Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў - Сосны" і пасля праверкі стэрыльнасці адгружаюцца спажыўцу. Усе мадэлі прайшлі рэгістрацыю ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі, аналагічную працэдуру плануецца прайсці ў Расіі, Украіне і Казахстане. Гэтыя вырабы шырока запатрабаваны ў медыцынскай практыцы, валодаюць сур'ёзным экспартным патэнцыялам, таму пасля праходжання рэгістрацыйных працэдур прадпрыемства мае намер асноўную частку прадукцыі экспартаваць, адзначыў Алег Ахтанін. ЗАТ "Медыцынскае прадпрыемства "Сімург" утворана ў 1991 годзе і спецыялізуецца на выпуску медыцынскіх вырабаў для акушэрства і гінекалогіі, у тым ліку ўнутрыматачных кантрацэптываў. Сёння на прадпрыемстве асвоена вытворчасць больш за 30 мадыфікацый вырабаў усіх трох класаў патэнцыйнай рызыкі прымянення па класіфікацыі Еўрасаюза, якая дзейнічае ў дачыненні да медыцынскіх вырабаў. У інавацыйнай дзейнасці кампанія актыўна супрацоўнічае з Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і Інстытутам тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі. Сістэма менеджменту якасці "Сімурга" сертыфікавана на адпаведнасць патрабаванням міжнароднага стандарту ІСА 9001:2000. Прадпрыемства практычна на ўсю наменклатуру вырабаў мае СЕ-сертыфікаты, якія пацвярджаюць іх адпаведнасць патрабаванням Дырэктыў Еўрасаюза па бяспецы і якасці. Каля 60% прадукцыі экспартуецца ў 12 краін, у асноўным СНД і Еўропы, вядзецца работа па выхадзе на рынкі краін Паўднёва-Усходняй Азіі. На прадпрыемстве працуюць больш за 150 чалавек.-0-