Віцебскае прадпрыемства "Сімург" асвоіла выпуск двух імпартазамяшчальных кантрацэптываў
7 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Закрытае акцыянернае таварыства "Медыцынскае прадпрыемства "Сімург" асвоіла выпуск дзвюх новых мадыфікацый унутрыматачных сродкаў для прафілактыкі цяжарнасці, якія не маюць аналагаў на постсавецкай прасторы. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік дырэктара прадпрыемства Алег Ахтанін.
Новыя мадэлі "Юнона Бія Multi (з меднай спіраллю) і "Юнона Бія Multi Ag" (з біметаллічным дротам "медзь-серабро") распрацаваны спецыялістамі прадпрыемства і з'яўляюцца айчынным аналагам папулярнай замежнай мадэлі кантрацэптыву Multiload. Распрацоўкі прайшлі рэгістрацыю ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі, і з чэрвеня 2009 года "Сімург" мае намер прыступіць да актыўных продажаў вырабаў у краіне. Новыя кантрацэптывы па сваіх характарыстыках не саступаюць замежным аналагам і пры гэтым будуць таннейшымі за імпартныя вырабы. Паралельна новыя мадэлі праходзяць рэгістрацыю ў Расіі, Украіне і Казахстане, пасля атрымання рэгістрацыйных пасведчанняў "Сімург" пачне экспартаваць вырабы ў гэтыя краіны.
Акрамя таго, прадпрыемства распрацавала і абараніла патэнтам унутрыматачны кантрацэптыў, у якім у якасці актыўнага элемента выкарыстоўваецца дрот з нітэнола - металу з эфектам памяці формы. Распрацоўка выканана сумесна з вучонымі Інстытута тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі і валодае шэрагам пераваг, у тым ліку зручнасцю прымянення і павышаным кантрацэптыўным эфектам, адзначыў Алег Ахтанін.
Цяпер на прадпрыемстве вядуцца работы па ўкараненні новай прылады ў вытворчасць. "Гэты працэс дастаткова працаёмкі і звязаны з неабходнасцю правядзення вялікай колькасці выпрабаванняў, таму складана спрагназаваць пачатак масавага выпуску новай распрацоўкі", - адзначыў Алег Ахтанін. Выраб адносіцца да трэцяга класа патэнцыйнай рызыкі прымянення па класіфікацыі Еўрасаюза, якая дзейнічае ў дачыненні да медыцынскіх вырабаў. Для допуску мадэлі ў медыцынскую практыку патрабуецца выканаць шматступеньчатую сістэму праверкі, якая ўключае тэхнічныя і таксікалагічныя выпрабаванні, выпрабаванні на біялагічную бяспеку. Завяршальным этапам з'яўляюцца клінічныя выпрабаванні, па паспяховым завяршэнні якіх і атрымання рэгістрацыйнага пасведчання ў Міністэрстве аховы здароўя выраб можна запускаць у серыйную вытворчасць і выводзіць на рынак.
Віцебскае медыцынскае прадпрыемства займаецца распрацоўкай і выпускам унутрыматачных кантрацэптываў пад гандлёвай маркай "Юнона" з 1991 года. За гэты час асвоена вытворчасць 9 мадыфікацый гэтых вырабаў па поўным тэхналагічным цыкле - ад вытворчасці да стэрылізацыі і ўпакоўкі. У інавацыйнай дзейнасці кампанія актыўна супрацоўнічае з Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і Інстытутам тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі. Сістэма менеджменту якасці "Сімурга" сертыфікавана на адпаведнасць патрабаванням міжнароднага стандарту ІСА 9001:2000. Прадпрыемства практычна на ўсю наменклатуру вырабаў мае СЕ-сертыфікаты, якія пацвярджаюць іх адпаведнасць патрабаванням Дырэктыў Еўрасаюза па бяспецы і якасці. Каля 60% прадукцыі экспартуецца ў 12 краін, у асноўным СНД і Еўропы, вядзецца работа па выхадзе на рынкі краін Паўднёва-Усходняй Азіі.
ЗАТ "Медыцынскае прадпрыемства "Сімург" утворана ў 1991 годзе і спецыялізуецца на выпуску медыцынскіх вырабаў для акушэрства і гінекалогіі. Сёння на прадпрыемстве асвоена вытворчасць больш за 30 мадыфікацый вырабаў усіх трох класаў патэнцыйнай рызыкі прымянення па класіфікацыі Еўрасаюза, якая дзейнічае ў дачыненні да медыцынскіх вырабаў. На прадпрыемстве працуюць больш за 150 чалавек.-0-