Віцебскае прадпрыемства "Сімург" плануе павялічыць выпуск і рэалізацыю прадукцыі на траціну

29 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. ЗАТ "Медыцынскае прадпрыемства "Сімург" (Віцебск) плануе ў 2010 годзе павялічыць выпуск і рэалізацыю прадукцыі на 30%, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара прадпрыемства Сяргей Цецюеў. Прадпрыемства, якое спецыялізуецца на вытворчасці медыцынскіх вырабаў і інструментарыя, мае намер наросціць аб'ёмы за кошт мадэрнізацыі і абнаўлення абсталявання, асваення выпуску новых відаў вырабаў і пашырэння вытворчай базы, у тым ліку за кошт стварэння філіяла на новай вытворчай пляцоўцы. Акрамя таго, "Сімург" завяршае падрыхтоўчую працу па выхадзе на новыя рынкі. "У 2010 годзе мы запланавалі пашырыць наменклатуру вырабаў як мінімум на тры новыя мадыфікацыі медыцынскага інструмента, а таксама пачаць актыўныя продажы ў краінах Еўрасаюза і ўпершыню прадставіць нашу прадукцыю на рынках краін Блізкага і Далёкага Усходу", - растлумачыў Сяргей Цецюеў. Прадпрыемства завяршае рэгістрацыю 10 мадыфікацый зондаў "Юнона" у Казахстане, пасля чаго ў бягучым годзе плануе прыступіць да іх продажаў. Па выніках 2009 года "Сімург" забяспечыў рост вытворчасці на 27%, а экспарт прадпрыемства павялічыўся на 35%. У мінулым годзе наменклатуру выпускаемых вырабаў папоўнілі чатыры мадэлі імпартазамяшчальнага медыцынскага інструмента - зондаў аспірацыйных "Юнона". Інструменты прызначаны для дыягностыкі шэрагу гінекалагічных, у тым ліку анкалагічных, захворванняў. Яны распрацаваны спецыялістамі віцебскага прадпрыемства і не маюць аналагаў на рынку краіны, а па некаторых параметрах пераўзыходзяць заходнія мадэлі. Інструментарый дае магчымасць праводзіць даследаванні ў амбулаторных умовах, не звяртаючыся да шпіталізацыі пацыентак. Прымяненне віцебскіх распрацовак дазваляе павысіць дакладнасць дыягностыкі, а своечасовае выяўленне дапухлінных працэсаў забяспечвае аператыўнасць пры прызначэнні лячэння і ў многіх выпадках дапамагае пазбегнуць развіцця рака. Акрамя таго, зонды могуць выкарыстоўвацца ў шэрагу клінічных выпадкаў для ўвядзення лекавых прэпаратаў. На прадпрыемстве асвоены выпуск двух новых мадыфікацый унутрыматачных сродкаў для прадухілення цяжарнасці. Прадпрыемства сумесна з вучонымі Інстытута тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі распрацавала і абараніла патэнтам унутрыматачны кантрацэптыў, у якім у якасці актыўнага элемента выкарыстоўваецца дрот з нітынолу - металу з эфектам памяці формы. ЗАТ "Медыцынскае прадпрыемства "Сімург" утворана ў 1991 годзе і спецыялізуецца на выпуску медыцынскіх вырабаў для акушэрства, гінекалогіі і ўралогіі, у тым ліку ўнутрыматачных кантрацэптываў, зондаў і іншага інструментарыя. Сёння на прадпрыемстве асвоена вытворчасць 45 мадыфікацый вырабаў усіх трох класаў патэнцыйнай рызыкі прымянення па класіфікацыі Еўрасаюза, якая дзейнічае ў дачыненні да медыцынскіх вырабаў. Сістэма менеджменту якасці "Сімурга" сертыфікавана на адпаведнасць патрабаванням міжнароднага стандарту ІСА 9001:2009. Каля 60% наменклатуры вырабаў прадпрыемства мае СЕ-сертыфікаты, якія пацвярджаюць іх адпаведнасць патрабаванням дырэктыў Еўрасаюза па бяспецы і якасці. Удзельная вага экспарту ў агульным аб'ёме вытворчасці складае каля 70%, кампанія экспартуе прадукцыю на рынкі больш чым 10 краін, у асноўным СНД і Еўропы.-0-