Віцебскае прадпрыемства "Сімург" распрацавала імпартазамяшчальныя медыцынскія інструменты
21 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Закрытае акцыянернае таварыства "Медыцынскае прадпрыемства "Сімург" зарэгістравала ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі чатыры мадэлі імпартазамяшчальных медыцынскіх інструментаў - зондаў аспірацыйных "Юнона". Інструменты прызначаны для дыягностыкі гінекалагічных, у тым ліку анкалагічных, захворванняў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара прадпрыемства Алег Ахтанін.
Усе мадэлі зондаў "Юнона" распрацаваны спецыялістамі віцебскага прадпрыемства і не маюць аналагаў на рынку краіны, а па некаторых параметрах пераўзыходзяць заходнія мадэлі, маючы прынцыпова адрозныя ад іх характарыстыкі. Інструментарый дае магчымасць праводзіць даследаванні ў амбулаторных умовах, не звяртаючыся да шпіталізацыі пацыентак. Прымяненне віцебскіх распрацовак дазволіць павысіць дакладнасць дыягностыкі, а своечасовае выяўленне перадпухлінных працэсаў забяспечвае аператыўнасць пры прызначэнні лячэння і ў многіх выпадках дапаможа пазбегнуць развіцця раку, адзначыў медыцынскі кансультант прадпрыемства Аляксей Жураўлёў. Акрамя таго, зонды могуць выкарыстоўвацца ў шэрагу клінічных выпадкаў для ўвядзення лекавых прэпаратаў.
Пасля атрымання рэгістрацыйнага пасведчання Мінздароўя Беларусі прадпрыемства пачало асваенне серыйнай вытворчасці новых мадэляў інструментарыя і іх прасоўванне на рынак. "Сімург" будзе выпускаць навінкі па поўным тэхналагічным цыкле, на прадпрыемстве ўстаноўлена высокатэхналагічнае абсталяванне ў асноўным нямецкай вытворчасці. Гэтыя вырабы запатрабаваны ў медыцынскай практыцы, валодаюць сур'ёзным экспартным патэнцыялам, таму "Сімург" мае намер зарэгістраваць навінкі таксама ў Расіі, Украіне і Казахстане, а ў перспектыве плануецца выйсці на рынак краін Заходняй Еўропы.
ЗАТ "Медыцынскае прадпрыемства "Сімург" утворана ў 1991 годзе і спецыялізуецца на выпуску медыцынскіх вырабаў для акушэрства і гінекалогіі, у тым ліку ўнутрыматачных кантрацэптываў. Сёння на прадпрыемстве асвоена вытворчасць каля 50 мадыфікацый вырабаў усіх трох класаў патэнцыйнай рызыкі прымянення па класіфікацыі Еўрасаюза, якая дзейнічае ў дачыненні да медыцынскіх вырабаў.
У інавацыйнай дзейнасці кампанія актыўна супрацоўнічае з Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і Інстытутам тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі. Сістэма менеджменту якасці "Сімурга" сертыфікавана на адпаведнасць патрабаванням міжнароднага стандарту ІСА 9001:2009. Прадпрыемства практычна на ўсю наменклатуру вырабаў мае СЕ-сертыфікаты, якія пацвярджаюць іх адпаведнасць патрабаванням дырэктыў Еўрасаюза па бяспецы і якасці. Удзельная вага экспарту ў агульным аб'ёме вытворчасці складае каля 60%, кампанія экспартуе прадукцыю ў 12 краін, у асноўным дзяржавы СНД і Еўропы.-0-