Віцебскае прадпрыемства "Сімург" у 2010 годзе пяройдзе на СЕ-маркіроўку ўсіх выпускаемых медыцынскіх вырабаў

29 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. ЗАТ "Медыцынскае прадпрыемства Сімург" (Віцебск) плануе ў 2010 годзе пашырыць сферу прымянення СЕ-маркіроўкі на ўсе вырабляемыя медыцынскія вырабы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара прадпрыемства Алег Ахтанін. Сёння каля 60% тыпаў вырабаў прадпрыемства мае СЕ-маркіроўку, якая пацвярджае іх адпаведнасць патрабаванням дырэктывы Еўрасаюза па бяспецы і якасці медыцынскіх вырабаў. Для пашырэння сферы прымянення такой маркіроўкі прадпрыемства рыхтуецца прайсці сертыфікацыю сістэмы менеджменту якасці на адпаведнасць патрабаванням стандарту ISO 13485 ва ўпаўнаважаным органе Еўрасаюза. "Гэта спецыялізаваны стандарт для медыцынскіх вырабаў, укараненне якога дасць нам магчымасць ахапіць маркіроўкай усю гаму выпускаемых вырабаў і павысіць экспартныя магчымасці прадпрыемства на высокаканкурэнтным рынку Заходняй Еўропы", - сказаў Алег Ахтанін. Акрамя таго, ў 2009 годзе "Сімург" прайшоў перазертыфікацыю сістэмы менеджменту якасці на адпаведнасць патрабаванням стандарту ISO 9001 версіі 2009 года. Каля 70% вырабляемай прадукцыі прадпрыемства экспартуе, пры гэтым па выніках 2009 года аб'ём экспартных паставак павялічыўся на 35% у параўнанні з 2008 годам. Геаграфія экспарту "Сімурга" ахоплівае больш за 10 краін, у тым ліку Расію, Казахстан, Малдову, Украіну, а таксама краіны Сярэдняй Азіі. "Гэта традыцыйныя для нас рынкі, наша прадукцыя мае ўстойлівую рэпутацыю медыцынскіх вырабаў еўрапейскай якасці, што дазваляе пастаянна нарошчваць аб'ём паставак, у тым ліку новых тыпаў вырабаў", - адзначыў Алег Ахтанін. Медыцынскія вырабы віцебскай вытворчасці пастаўляюцца таксама ў Польшчу, Румынію, Кіпр. У 2010 годзе прадпрыемства рыхтуецца выйсці на рынкі Венгрыі і Чэхіі, дзе вырабы "Сімурга" праходзяць рэгістрацыю ў нацыянальных міністэрствах аховы здароўя. Перспектыўнымі напрамкамі для пашырэння экспарту "Сімург" лічыць рынкі краін Блізкага і Далёкага Усходу. ЗАТ "Медыцынскае прадпрыемства "Сімург" утворана ў 1991 годзе і спецыялізуецца на выпуску медыцынскіх вырабаў для акушэрства, гінекалогіі і ўралогіі, у тым ліку ўнутрыматачных кантрацэптываў, зондаў і іншага інструментарыя. Сёння на прадпрыемстве асвоена вытворчасць 45 мадыфікацый вырабаў усіх трох класаў патэнцыйнай рызыкі прымянення па класіфікацыі Еўрасаюза, якая дзейнічае ў дачыненні да медыцынскіх вырабаў. У інавацыйнай дзейнасці кампанія актыўна супрацоўнічае з Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і Інстытутам тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі.-0-