Віцебскае прадпрыемства "Вітбудтэхмаш" удастоена "Залатога прыза Еўропы "За якасць"

9 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Міжнародны бізнес-клуб лідараў гандлю (Trade Leader’s Club) прысвоіў "Залаты прыз Еўропы "За якасць"" віцебскаму прадпрыемству "Вітстрайтэхмаш". Аб атрыманні прэстыжнай узнагароды карэспандэнту БЕЛТА распавёў дырэктар прыватнага вытворча-гандлёвага унітарнага прадпрыемства "Вітстрайтэхмаш" Андрэй Сідараў. Клуб лідараў гандлю існуе з 1978 года і аб'ядноўвае больш за 7 тыс. кампаній са 120 краін. Прызам адзначаюцца кампаніі, якія надаюць пастаянную ўвагу павышэнню якасці сваёй прадукцыі або паслуг і развіваюць камерцыйныя сувязі паміж кампаніямі ўсяго свету з еўрапейскім рынкам. Выбар узнагароджаных вызначаецца шляхам перыядычнага апытання членаў клуба, якія называюць перадавыя фірмы, што прадстаўляюць розныя галіны, незалежна ад таго, у якой краіне яны знаходзяцца. "Вітстрайтэхмаш" увайшоў у лік узнагароджаных дзякуючы сваёй новай распрацоўцы - аўтагідрапад'ёмніку з высокатрывалай канструкцыйнай сталі. Тэхнічныя характарыстыкі мантажнага стрэлавага пад'ёмніка, здольнага падымаць рабочых і інструмент з матэрыяламі на вышыню амаль 20 м, не саступаюць еўрапейскім аналагам, а з прычыны выкарыстання высокатрывалых сталей яго металаёмістасць на 40% ніжэйшая, чым у канкурэнтаў, пры гэтым грузавыя характарыстыкі застаюцца ранейшымі. Кіраванне пад'ёмным механізмам ажыццяўляецца з дапамогай электрагідраўлічнага пульта. Па словах Андрэя Сідарава, з атрыманнем міжнароднага прыза Еўропы "За якасць" прадпрыемству прадаставілася магчымасць увайсці ў склад бізнес-клуба і атрымліваць кансультацыі ў розных галінах, такіх як кантроль і паляпшэнне якасці, маркетынг, рэклама. Як спадзяецца дырэктар, гэта дазволіць прасоўваць прадукцыю прадпрыемства на еўрапейскіх рынках. Бізнес-планам развіцця "Вітстрайтэхмаша" плануецца на базе доследнага ўзору ў маі бягучага года пачаць асваенне серыйнай вытворчасці аўтагідрапад'ёмнікаў з вышынёй пад'ёму 20, 25 і 32 м пад гандлёвай маркай "Віпа". Стратэгіяй маркетынгу прадпрыемства прадугледжана нароўні з асваеннем новых відаў прадукцыі стварэнне сэрвісных цэнтраў па яе абслугоўванні, а таксама навучанне і падрыхтоўка спецыялістаў для працы на ёй. Цікавасць да новай прадукцыі праявілі як айчынныя кампаніі, так і расійскія. На рэалізацыю праекта прадпрыемства накіруе звыш Br4,5 млрд. і завершыць яго рэалізацыю ў 2013 годзе. Праект прадугледжвае стварэнне 100 новых працоўных месцаў. Падатковыя паступленні ў мясцовы бюджэт за 2010-2013 гады, па папярэдніх разліках, складуць больш Br8,5 млрд. Прыватнае вытворча-гандлёвае унітарнае прадпрыемства "Вітстрайтэхмаш" створана ў 2004 годзе. Прадпрыемства спецыялізуецца на тэхнічным абслугоўванні і рамонце ўсіх відаў аўтагідрапад'ёмнікаў і пад'ёмнікаў, вырабе адказных металаканструкцый і вузлоў, вытворчасці будаўнічага абсталявання. Па выніках працы ў 2009 годзе выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала Br2,6 млрд., што на 3% больш чым у 2008 годзе, прыбытак у параўнанні з 2008 годам узрос на 6%, рэнтабельнасць склала 16%. -0-