Віцебскае гандлёвае прадпрыемства аштрафавана на Br1 млрд за выбарачнасць пры разліках з пастаўшчыкамі

24 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскае гандлёвае прадпрыемства прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці на суму больш за Br1 млрд. за парушэнне парадку разлікаў з пастаўшчыкамі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзялення праверак упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў (УДФР) КДК Віцебскай вобласці Віктар Кацікаў. На працягу некалькіх месяцаў прадпрыемства, маючы запазычанасць у некалькі мільярдаў і знаходзячыся на картатэцы ў банку, выбарачна падыходзіла да разлікаў з пастаўшчыкамі тавараў. Замест таго, каб праводзіць разлікі ў адпаведнасці з чарговасцю плацяжоў у парадку, прадугледжаным заканадаўствам, акцыянернае таварыства распрацавала ўласную чарговасць разлікаў. Пры гэтым наяўныя грашовыя сродкі перадаваліся ў касу банка для наступнага залічэння на рахункі выбраных пастаўшчыкоў. Па выніках праверкі, праведзенай супрацоўнікамі фінансавай міліцыі, суб'ект гаспадарання прыцягнуты да адказнасці па частцы 1 артыкула 12.19 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (ажыццяўленне плацяжоў наяўнымі грашовымі сродкамі з парушэннем патрабаванняў заканадаўства), якая прадугледжвае санкцыі ў выглядзе штрафу на суму ад 100% да 200% ад сумы плацяжоў, праведзеных з парушэннем заканадаўства. Раней прадпрыемства ўжо прыцягвалася да адказнасці за аналагічнае правапарушэнне. У цяперашні час суб'ект гаспадарання недзяржаўнай формы ўласнасці знаходзіцца на стадыі ліквідацыі. Усяго ў 2008 годзе УДФР КДК Віцебскай вобласці праведзена 77 дакументальных праверак фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый, па выніках якіх даналічана ў бюджэт звыш Br3,6 млрд. падатковых плацяжоў і пені. Да парушальнікаў прыменены адміністрацыйныя санкцыі на суму амаль Br2,5 млрд. Акрамя таго, 27 службовых асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці на суму Br15,8 млн. Па выніках дакументальных праверак узбуджана 65 крымінальных спраў.-0-