Віцебскае вучылішча алімпійскага рэзерву: як рыхтуюць чэмпіёнаў

Витебское училище олимпийского резерва: как готовят чемпионов
На днях Віцебскае вучылішча алімпійскага рэзерву адзначае 60-годдзе. У лістападзе 1956 года была адкрыта яго папярэдніца – першая ў Беларусі школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і цяжкавыхавальных падлеткаў. Яе дырэктар Самуіл Беленькі выдатна разумеў значэнне фізічнай культуры і спорту ў выхаванні цяжкіх падлеткаў і настаяў на стварэнні ў сваёй навучальнай установе спартыўных класаў.



Дзякуючы захопленым людзям у кіраўніцтве і прыцягненню ў склад выкладчыкаў заслужанага трэнера Беларусі і СССР па лёгкай атлетыцы Барыса Хачатуряна ўстанова стала прагрэсаваць у спартыўным профілі, а выхаванцы займаць прызавыя месцы на розных спаборніцтвах, зарэкамендавалі сябе нават на ўсесаюзным узроўні. Як следства, у 1989 годзе на яго базе адкрылі Віцебскае ВУАР. Нядаўна яго ўзначаліў Уладзімір Машнюк, які да гэтага не адзін год кіраваў абласным цэнтрам фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.

Першачарговая задача ўстановы – падрыхтоўка спартсменаў і спецыялістаў высокага класа, рэзерву нацыянальных каманд. Яна вядзецца па 14 алімпійскіх відах спорту. Адбор сур'ёзны, таму простаму хлапцу з вуліцы сюды трапіць наўрад ці ўдасца. У асноўным гэта спартыўныя хлопцы з нашай вобласці, якія спачатку старанна праглядаюцца на працягу сезона.

У вучылішчы па праву ганарацца сваімі выхаванцамі, сярод якіх прызёры Алімпійскіх гульняў: лёгкаатлеты Ігар Лапшын і Аляксандр Каваленка, баксёр Віктар Зуеў, біятланіст Аляксей Айдараў, цяжкаатлеты Ганна Бацюшка, Ігар Лаўрэнаў і Марына Шкерманкова. А пераможцаў сусветных і еўрапейскіх турніраў проста не злічыць. Калідор асноўнага корпуса літаральна стракаціць фотаздымкамі спартсменаў, якія праславілі альма-матар.

Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Мікалай Зарубіцкі адзначае, што на еўрапейскіх і сусветных першынствах выхаванцы ўстановы па-ранейшаму гуляюць не апошнюю скрыпку. Успомніць хаця б біятланістку Дар'ю Блашко, якая не так даўно на трасе ў Раўбічах стала двухразовай чэмпіёнкай свету сярод юніёраў, пазней заваявала юніёрскі Кубак IBU.


Сёлета трое выхаванцаў удзельнічалі ў зімовых Юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Нарвегіі: біятланісты Наталля Карніцкая і Кірыл Цюрын, а таксама лыжнік Цімур Ласкін, падапечны заслужанага трэнера Беларусі Аляксандра Саланенкі. Павел Рудакоў стаў бронзавым прызёрам на чэмпіянаце Еўропы сярод юніёраў па грэка-рымскай барацьбе. І гэта далёка не поўны спіс, бо кожны год «выстрэльваюць» новыя таленты ў розных культывіруемых відах.

Вучэльня прадастаўляе сваю базу і ўжо дастаткова дасведчаным атлетам. Напрыклад, тут у сектары для метанняў займаецца пад кіраўніцтвам свайго трэнера Міхаіла Попела другі на дадзены момант малатабоец у краіне пасля Івана Ціхана Сяргей Каламоец, на мінулых Гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра які стаў 9-м.

У манежы сустрэлі патрыярха лёгкай атлетыкі – заслужанага трэнера рэспублікі Міхаіла Шура. Ён за некалькі дзясяткаў гадоў выгадаваў не адно пакаленне таленавітых скакуноў у вышыню. Сёння Міхаіл Майсеевіч адышоў ад спраў, але мудры савет калегам і маладым атлетам заўсёды дасць. Зрэшты, як і заслужаны трэнер Беларусі Аляксандр Галаўнёў, які перадае свой вопыт спрынтарам. Разам з тым ідзе пастаяннае амаладжэнне кадраў.

Бо залог поспеху тут бачаць і ў тым, што многія былыя вучні вяртаюцца ў вучэльню ўжо ў якасці настаўнікаў. А Ганна Залецкая, напрыклад, з’яўляецца штатным трэнерам, але працягвае выступаць на розных спаборніцтвах, уваходзіць у пашыраны склад зборнай краіны па дзюдо. Зусім нядаўна сышоў з вялікага спорту выхаванец УОР – шматразовы чэмпіён краіны, лёгкаатлет Сяргей Казлоў, які зараз працуе сумесна з Аляксандрам Галаўнёвым.

Для таго, каб вырошчваць спартсменаў высокага ўзроўню, патрабуецца і адпаведная база. Яна пастаянна абнаўляецца. Так, сёлета замест асфальту ўклалі сучаснае пакрыццё на бегавой дарожцы, падрэмантавалі яго і ў манежы са стартавай пляцоўкай, сектарам для скачкоў у вышыню, набылі новыя бар'еры для бегу са спецыяльнымі процівагамі. На чарзе – рамонт залы цяжкай атлетыкі.

Карысным у гэтым плане аказаўся і нядаўні

візіт міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандра Шамко. Ён, калі знаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай вучэльні, перадаў дырэктару Уладзіміру Машнюку сертыфікат на 20 тыс. рублёў. Сродкі пайшлі на мадэрнізацыю лыжаролернай трасы. Уладзімір Іванавіч адзначае, што плошчы будуць «акультурывацца» і далей.

Нямногія навучальныя ўстановы могуць пахваліцца сваім сцягам, а ў Віцебскім УВААР ён ёсць. Верыцца, што гэты сімвал будзе яшчэ не раз горда падымацца ў гонар нашых алімпійцаў.

Алесь Бынькоў. Фота Антона СТЭПАНІШЧАВА. «Віцебскія весці».