Віцебскае УП "Полімерканструкцыя" забяспечыць станцыямі ачысткі ад жалеза калінінградскія курорты
4 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскае ўнітарнае прадпрыемства "Палімерканструкцыя" плануе паставіць абсталяванне для сістэм водаачысткі гарадоў курортнай зоны Калінінградскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Сяргей Іваноў.
Першая станцыя абезжалезвання беларускага вытворцы ў Калінінградскай вобласці будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў канцы лістапада ў Светлагорску. Для сістэмы водазабеспячэння прыбалтыйскага курортнага горада прадпрыемства паставіла і мантуе абсталяванне безнапорнай станцыі прадукцыйнасцю 10 тыс.куб.м у суткі, што дазволіць забяспечыць якаснай вадой больш за 30 тыс. жыхароў. Станцыя дае магчымасць прыводзіць у норму ўтрыманне жалеза і іншых кампанентаў у вадзе, мінімізаваць затраты на ачыстку, а таксама эфектыўна вырашаць пытанні энерга- і рэсурсазберажэння за кошт прымянення сучасных тэхналогій і матэрыялаў пры праектаванні і вытворчасці сістэм водаачысткі.
Праект агульным коштам каля 100 млн. расійскіх рублёў рэалізаваны па федэральнай праграме развіцця Калінінградскай вобласці на перыяд да 2015 года. У перспектыве "Палімерканструкцыя" плануе працягнуць супрацоўніцтва з адміністрацыяй Светлагорска па ўдасканаленні сістэмы водазабеспячэння горада.
Акрамя таго, віцебскі вытворца паставіць у першым квартале 2011 года станцыю абезжалезвання прадукцыйнасцю 5 тыс.куб.м у горад Піянерск. Прадпрыемства таксама вядзе перамовы па магчымым удзеле ў мадэрнізацыі ачысных збудаванняў іншых населеных пунктаў расійскага анклава.
Распрацоўваюцца больш за 10 праектаў па мадэрнізацыі сістэм водаачысткі яшчэ ў шэрагу расійскіх рэгіёнаў. Так, у Стаўрапольскім краі "Палімерканструкцыя" правядзе пілотныя выпрабаванні па выбары аптымальнай тэхналогіі ачысткі вады, у якой акрамя жалеза ўтрымліваецца аміяк, бор, солі і іншыя непажаданыя кампаненты. Вынікі выпрабаванняў будуць выкарыстоўвацца пры праектаванні будаўніцтва ачысных збудаванняў у населеных пунктах краю, для якіх прадугледжваецца пастаўляць станцыі абезжалезвання. У Цвярской вобласці пры будаўніцтве ачысных збудаванняў па абласной праграме "Жыллё" таксама прадугледжваецца выкарыстанне беларускага абсталявання. У Белгародскай, Разанскай абласцях і ў Мардовіі віцебскія спецыялісты аказваюць экспертную падтрымку работ па ўдасканаленні праектных рашэнняў і праграм мадэрнізацыі сістэм водазабеспячэння гарадоў і сельскіх населеных пунктаў.
Унітарнае прадпрыемства "Палімерканструкцыя" спецыялізуецца на распрацоўцы новых тэхналогій і тэхналагічных рашэнняў для ачысткі вады і сцёкавых вод на аб'ектах водазабеспячэння і водаадвядзення населеных пунктаў і прамысловых прадпрыемстваў, а таксама вырабляе лакальныя ачысныя збудаванні, помпавыя станцыі і станцыі абезжалезвання, палімерныя рэзервуары і ёмістасці для розных патрэб. У склад прадпрыемства ўваходзяць навукова-тэхнічны цэнтр, праектна-канструктарскае бюро, завод водаачыснага абсталявання, мантажнае і пусканаладачнае кіраўніцтва, а таксама ўчастак бурэння і рамонту свідравых. -0-