Віцебскае УП «Палімерканструкцыя» плануе падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве з партнёрамі з Паўднёвай Карэі
Віцебскае УП «Палімерканструкцыя» плануе на пачатку летняга сезона падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве з партнёрамі з Паўднёвай Карэі, якія выказалі гатоўнасць прасоўваць прадукцыю і тэхналогіі айчыннага вытворцы ў краінах Усходняй Азіі.
Як паведаміў «Віцебскім весткам» дырэктар прадпрыемства Сяргей Іваноў, такія дамоўленасці дасягнуты падчас Міжнароднага форуму ЭКВАТЭК-2016, які нядаўна завяршыўся ў Маскве. Такім чынам вядомая кампанія, што паспяхова асвойвае беларускія і расійскія тэрыторыі, пачынае экспансію ў краіны далёкага замежжа.
Прапрацоўка пытання аб супрацоўніцтве заняла больш за год пасля таго, як паўднёвакарэйская арганізацыя выйшла на віцебскую
кампанію на адной з выстаў у Германіі. Будучых партнёраў прывабілі якасць тэхналагічных рашэнняў, прастата, зручнасць абслугоўвання абсталявання і працягласць яго эксплуатацыі, лічыць Сяргей Іваноў. Папярэдні аналіз сітуацыі на рынках краін рэгіёну паказвае, што віцебскім спецыялістам трэба будзе вырашаць у асноўным праблемы водазабеспячэння населеных пунктаў. Другім па важнасці напрамкам можа стаць водаадвядзенне і ачыстка сцёкавых вод, у тым ліку ў прамысловай сферы.
Сяргей Антонаў, «Віцебскія весці».