Віцебскай вобласці дадаткова выдзеляць Br200 млрд. на абсталяванне для рэканструяваных ферм
18 жніўня, Талачынскі раён /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскай вобласці будзе дадаткова выдзелена Br200 млрд. на набыццё ў лізінг абсталявання для рэканструюемых малочна-таварных ферм, паведаміў сёння журналістам у час рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэм'ер-міністр з задавальненнем адзначыў, што ў Віцебскай вобласці перагледзелі планы рэканструкцыі малочна-таварных ферм у 2012 годзе і маюць намер павялічыць колькасць ферм з даільнымі заламі і рабатызаванымі комплексамі да 96. Усяго ў вобласці ў бягучым годзе трэба рэканструяваць 228 малочна-таварных ферм. "Калі раней ва ўрадзе былі сумненні ў выкананні гэтых планаў, то па тых даных, якімі мы распараджаемся сёння, і на аснове ўбачанага можна канстатаваць рэальнасць выканання пастаўленых задач", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
Урад і аблвыканкам у бягучым годзе таксама знайшлі магчымасць пачаць будаўніцтва сямі новых малочна-таварных ферм з уводам у строй у 2013 годзе. Гэта дадаткова да тых 25, якія будуюцца цяпер. Адзінаццаць ферм з 25 будуць уведзены ў строй у 2012 годзе. "Гэтыя работы дазволяць павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы і вытворчасць малака. У гэтым годзе вобласць значна нарасціла аб'ёмы вытворчасці і рэалізацыі малака з высокімі якаснымі характарыстыкамі", - канстатаваў прэм'ер-міністр.
Разам з тым ён падкрэсліў, што рэгіёну трэба яшчэ шмат працаваць. "Прынята рашэнне аб выдзяленні дадаткова Br200 млрд. на лізінг абсталявання і сучаснай тэхнікі для ферм. Не да канца вырашаны пытанні па кармараздатчыках. Урад узяў на сябе "хатняе заданне" па тэхніцы для вобласці. Калі рэканструяваць фермы, то рабіць гэта трэба на высокім якасным узроўні", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.
У цэлым па рэспубліцы ў бягучым годзе неабходна правесці работы на 1,2 тыс. малочна-таварных фермах.
Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч сёння здзейсніў рабочую паездку ў Віцебскую вобласць, дзе азнаёміўся з ходам рэканструкцыі чатырох малочна-таварных ферм у Талачынскім раёне, заслухаў справаздачы аб ходзе рэканструкцыі ферм старшынь Бешанковіцкага, Віцебскага, Дубровенскага, Лёзненскага, Аршанскага, Талачынскага, Сенненскага райвыканкамаў. Кіраўнік урада таксама пабываў на будаўніцтве пуцеправода праз рэканструяваную трасу М4 Мінск-Магілёў у Магілёўскай вобласці.-0-