Віцебскай вобласці ў бліжэйшыя 5 гадоў спатрэбіцца каля 300 мэнэджараў па турызме і амаль 600 лагістаў

5 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло – БЕЛТА/. Віцебскай вобласці ў бліжэйшыя пяць гадоў спатрэбяцца каля 300 мэнэджараў па турызме і амаль 600 спецыялістаў па транспартнай лагістыцы. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Грэбнеў. Так, па папярэдніх ацэнках, для дасягнення планаванага росту турыстычных паслуг у 2010-2015 гадах вобласці апроч мэнэджараў па турызме неабходны працоўныя рэсурсы для развіцця гасцінічнага сэрвісу і аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу. Напрыклад, на адзін аб'ект прыдарожнага сэрвісу патрабуецца ад 5 да 10 чалавек персаналу. Неабходна таксама арганізацыя падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў для аграэкатурызму, перакладчыкаў, гідаў-экскурсаводаў, спецыялістаў музейнай справы. Эфектыўнае развіццё транспартна-лагістычных паслуг магчыма пры наяўнасці спецыялістаў не толькі для арганізацыі аптовага гандлю ў новых транспартна-лагістычных цэнтрах, але і падрыхтаваных кадраў іншых спадарожных спецыяльнасцей. У адпаведнасці з канцэпцыяй развіцця транспартна-лагістычнай сістэмы краіны Віцебскай вобласці ў бліжэйшыя пяць гадоў спатрэбяцца каля 200 кіраўнікоў сярэдняга звяна, уключаючы дырэктараў цэнтраў, начальнікаў аддзелаў, і амаль 400 работнікаў аперацыйнага ўзроўню – інжынераў-лагістаў, аналітыкаў-статыстыкаў. Як адзначыў Генадзь Грэбнеў, перспектыўная патрэбнасць у кадрах вызначаецца прыярытэтамі развіцця сацыяльна-эканамічнага комплексу вобласці. На бліжэйшую пяцігодку стаяць задачы пераходу да інавацыйнага шляху развіцця, мадэрнізацыі і тэхпераўзбраення эканомікі і сацыяльнай сферы, укаранення малаадходных і бязводходных тэхналогій. Па прагнозах, агульная патрэбнасць у кадрах у 2015 годзе ў параўнанні з узроўнем 2008 года ўзрасце на 3,9% і складзе больш за 588 тыс. чалавек. Для рэалізацыі дзяржаўнай кадравай палітыкі ў вобласці распрацавана і зацверджана дэпутатамі аблсавета рэгіянальная комплексная праграма "Кадры 2009-2015". -0-