Віцебскай школе прысвоілі імя гераічнага беларускага марака Анатоля Іспенкова

Витебской школе присвоили имя героического белорусского моряка Анатолия Испенкова

Традыцыйна ў гэтыя зімовыя дні ў Віцебску праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя памяці Анатоля Испенкова – нашага земляка, камандзіра электратэхнічнага дывізіёна падводнай лодкі «Камсамолец», якая затанула ў 1989 годзе ў Нарвежскім моры. У іх прымаюць удзел сваякі героя, саслужыўцы, якія прыязджаюць з усіх куткоў былога Саюза.

Першым акордам стала ўрачыстасць з нагоды рашэння гарвыканкама аб прысваенні імя марака СШ №8 абласнога цэнтра. Тут з 5-га да выпускнога класа вучыўся ўраджэнец Шумілінскага раёна. Пра гэта гасцей інфармуе ўстаноўленая летась перад уваходам у навучальную ўстанову мемарыяльная дошка. Перад пачаткам прысутныя, многія з якіх ведалі асабіста героя-падводніка, ушанавалі памяць Анатоля Испенкова, узнагароджанага пасмяротна ордэнам Чырвонай Зоркі, хвілінай маўчання. Дырэктар СШ №8 Алена Каралёва выказала надзею, што імя марскога афіцэра назаўжды запомняць цяперашнія вучні і сваімі ўчынкамі будуць годнымі памяці нашага земляка.

Быў паказаны відэаролік, які распавядае, як Анатоль Испенкоў здзейсніў свой подзвіг, да апошняга забяспечваючы электрычнасцю і святлом аварыйную падлодку. Вітаючы шматлікіх гасцей, старшыня абласнога савета ветэранаў Генадзь Ягораў адзначыў, што іх грамадская арганізацыя робіць усё, каб вярнуць імёны тых, хто паклаў жыццё на алтар Вялікай Перамогі, здзейсніў подзвігі ў пасляваенны час. Кранальна выступіў старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза ваенных маракоў капітан I рангу Анатоль Кавалёў, які ведаў многіх загінулых з «Камсамольца». А дзякуючы старанням кіраўніка шумілінскай раённай арганізацыі (ён таксама прысутнічаў у зале) Анатоля Бычкова на гарадскім возеры ўстаноўлены памятны знак героям-маракам. Завяршыла афіцыйную частку канцэртная праграма, падрыхтаваная навучэнцамі. Аднак саслужыўцы не спяшаліся разыходзіцца, вывучаючы школьны куток, прысвечаны члену экіпажа «Камсамольца», і ўспамінаючы «справы даўно мінулых дзён».

Цікавы факт. XXIV Міжнародны турнір па барацьбе ў вольным стылі памяці Анатоля Испенкова і загінулых падводнікаў, які праходзіць цяпер у абласным цэнтры, першапачаткова арганізаваны па ініцыятыве Анатоля Каваленкі, з якім будучы марак сядзеў за адной партай. Сёння ў спаборніцтвах удзельнічаюць больш за 220 атлетаў не толькі з нашай краіны, але і Латвіі, Малдовы, Расіі і Украіны. Некаторыя з іх пабывалі і на школьным мерапрыемстве, таму верыцца, што яны ўвязуць дадому не толькі ўражанні аб беларускім гасціннасці, але і памяць аб нашым земляку, які да апошняга выканаў свой воінскі абавязак. Сімвалічна, што спартыўная школа, дзе праходзяць спаборніцтвы, як і субмарына, што стала апошнім домам Анатоля Испенкова, носіць назву «Камсамолец».

Алесь Бынькоў, фота Антона Сцепанішчава, "Віцебскія весці".