Віцебскай сярэдняй школе №23 прысвоена імя воіна-інтэрнацыяналіста Алега Тувальскага
– Сімвалічна і правільна, што мы ўшаноўваем імёны герояў ва ўстановах адукацыі напярэдадні маладога і важнага свята – Дня народнага адзінства, – адзначыў Уладзімір Цярэнтаў. – Ва ўстанове адукацыі годна захоўваецца памяць пра героя, яго подзвіг. Гэта значны ўклад у зберажэнне гістарычнай памяці і патрыятычнае выхаванне грамадства.


Алег Рышардавіч Тувальскі з самага дзяцінства марыў стаць лётчыкам: упарта займаўся барацьбой і іншымі відамі спорту. Вучыўся ў Віцебскім вучэбна-авіяцыйным цэнтры, Крэменчугскім лётным вучылішчы грамадзянскай авіяцыі, працаваў у Мінсанслужбе Беларускага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі ў Мінску. У верасні 1983 года верталётная эскадрылля, у якой служыў Алег Тувальскі, была накіравана ў Афганістан. 27 жніўня 1984 года на працягу дня верталёт зрабіў чатыры баявыя вылеты. Падчас апошняга быў падбіты ракетай і ўпаў у размяшчэнне душманаў. На месцы катастрофы побач з целам Алега Рышардавіча знойдзена шаснаццаць выкарыстаных аўтаматных магазінаў, якія сведчаць пра яго няроўную схватку з праціўнікам. За праяўленыя мужнасць і гераізм Алег Тувальскі пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа».

– Гэта знакавая падзея для школы, якая злучыла мінулае, сучаснасць і будучыню. Мы прыкладзем усе намаганні, каб выхаваць падрастаючае пакаленне з гонарам, годнасцю і мужнасцю, – сказала дырэктар СШ №23 Валянціна Кліменціёнак.

У школу, якая ад сённяшняга дня з гонарам будзе насіць імя Алега Тувальскага, прыехала стрыечная сястра героя Жанна Захарава, якая ад імя маці Надзеі Тувальскай падзякавала за памяць пра сына, прысваенне імя Алега Тувальскага сярэдняй школе №23.
– Мы ганарымся нашым сваяком і ўдзячныя віцебскай зямлі. Няхай гераізм Алега Рышардавіча увасабляе ўзор мужнасці. Упэўнена, што ў гэтай установе і надалей будуць праводзіць работу па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, прывіваць патрыятызм, – сказала Жанна Захарава.
На ўрачыстым мерапрыемстве і напярэдадні Дня народнага адзінства на тэрыторыі школы заклалі алею імя Алега Тувальскага, як сімвал памяці і падзякі цяперашняга і будучага пакаленняў.





На святочным мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі гарадской улады, ветэранскай і іншых грамадскіх арганізацый, адміністрацыі Першамайскага раёна, настаўнікі, вучні і іх бацькі.



