Віцебскай сярэдняй школе №5 прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Рыгора Багамазава
Рыгор Багамазаў нарадзіўся ў вёсцы Канавалава Белгародскай вобласці (Расія), у 1938 годзе скончыў Барысаглебскую ваенную авіяцыйную школу лётчыкаў. На фронце з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны — удзельнічаў у проціпаветранай абароне на падмаскоўным аэрадроме ў Люберцах, абараняў неба Ленінграда. Усяго правёў звыш 60 паветраных баёў, збіў 15 варожых самалётаў асабіста, яшчэ чатыры — у групе з таварышамі. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 верасня 1943 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Золата Зорка». Таксама ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені, двума — II ступені і трыма Чырвонай Зоркі.
Пасля Перамогі Рыгор Іванавіч перайшоў на службу ў ваенна-транспартную авіяцыю, у 1947 годзе пераведзены камандзірам эскадрыллі ў Віцебск, дзе базаваўся 339-ы ваенна-транспартны авіяполк. Пасля стаў яго камандзірам. У канцы 1960-х па стане здароўя выйшаў у запас. Узначальваў штаб грамадзянскай абароны аблвыканкама, працаваў начальнікам аддзела кадраў на абутковай фабрыцы «Чырвоны Кастрычнік». Быў абраны членам парткама і старшынёй галоўнай групы народнага кантролю прадпрыемства. Доўгія гады, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, займаўся ваенна-патрыятычным выхаваннем моладзі на Віцебшчыне.
У памяць пра чалавека, які ўнёс значны ўклад у барацьбу з фашызмам, у абласным цэнтры на доме па вул. Чэхава, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка. У 2018 годзе ў горадзе шырока адзначалі 100-годдзе з дня нараджэння Рыгора Багамазава, а ў 2022-м яго імя нададзена СШ №5.
— Сімволічна, што такая знамянальная падзея адбылася ў Год гістарычнай памяці і напярэдадні Дня Канстытуцыі, — сказаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. — Рыгор Іванавіч — не толькі Герой Савецкага Саюза, які праславіўся ў баях, але і ганаровы грамадзянін Віцебска, які зрабіў шмат карыснага для горада, у тым ліку ў плане выхавання маладога пакалення. У прыватнасці, ён не раз выступаў перад дзецьмі ў гэтай школе. А сёння ўстанова павінна стаць цэнтрам прыцягнення для тых, хто ведаў героя і разам з ім служыў у ваенна-транспартнай авіяцыі.

— Я ганаруся сваім дзядулем — ён шмат зрабіў для краіны і Віцебска. Рад, што ў Беларусі свята шануюць памяць пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і загінулых абаронцаў Айчыны. Гэта асабліва актуальна сёння, калі розныя краіны спрабуюць перапісаць гісторыю, — адзначыў Віктар Багамазаў. — Упэўнены, мой сын таксама вырасце патрыётам сваёй краіны, будзе з годнасцю распавядаць аднагодкам пра свайго прадзеда-героя.
Як адзначыў дырэктар школы Сяргей Жаголкін, педагогі і навучэнцы ўспрынялі навіну аб прысваенні ўстанове адукацыі імя Героя Савецкага Саюза Рыгора Багамазава як вялікі гонар і адказнасць. Гэта, несумненна, будзе спрыяць павышэнню цікавасці дзяцей да вялікага мінулага сваёй краіны.


— Усё пасляваеннае жыццё Рыгора Іванавіча было неадрыўна звязана з вуліцай Гагарына ў Віцебску, дзе размяшчаецца наша ўстанова адукацыі. Тады ў гэтым мікрараёне дыслацыраваўся 339-ы ваенна-транспартны авіяцыйны полк, якім ён камандаваў, афіцэры былі частымі гасцямі ў школьнікаў, — падкрэсліў Сяргей Іванавіч. — Мы працягваем цесна супрацоўнічаць з вайскоўцамі, у тым ліку былымі авіятарамі, запрашаючы іх на розныя мерапрыемствы. Таксама ў нас створаны музейны пакой 27-й двойчы Чырвонасцяжнай Омскай стралковай дывізіі ім. Італьянскага Пралетарыята. Неўзабаве з'явіцца яшчэ адзін — прысвечаны Рыгору Багамазаву. Акрамя таго, мы разам з дзецьмі ўжо пабывалі на яго магіле. У далейшым будзем рэгулярна даглядаць яе.
