Віцебскаму медкаледжу прысвоена імя акадэміка Ігната Антонава
Адпаведны загад галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама агучылі ва ўрачыстай абстаноўцы – на пасяджэнні савета навучальнай установы і сходзе педагагічнага калектыву, дзе прысутнічалі дачка, сястра і пляменніца Ігнація Пятровіча.
Для будучага памятнага кутка прафесара сваякі перадалі яго партрэт, фотаздымкі з асабістых архіваў, рэдкія манаграфіі і нават неўрапаталагічны моўтач, з якім лекар прымаў пацыентаў.
– У апошнія гады мы шмат увагі ўдзялілі захаванню багатай гісторыі нашай навучальнай установы, – расказала дырэктар каледжа Валянціна Заяц. – У 2021-м яму будзе 150 гадоў! Да адкрыцця ў Віцебску ў 1934 годзе медыцынскага ўніверсітэта яно рыхтавала большасць медыцынскіх кадраў у рэгіёне. Таму прысваенне каледжу імя выпускніка, вядомага акадэміка вельмі ганарова.
Дарэчы, Валянціна Іванаўна была асабіста знаёмая з акадэмікам. У 1998 годзе яна працавала прарэктарам Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта, і Ігнацій Пятровіч падарыў ёй адну са сваіх прац з памятным надпісам і найлепшымі пажаданнямі.
Даведка «ВВ»: Ігнацій Антонаў нарадзіўся 28 снежня 1922 года ў вёсцы Будніца Суражскага раёна Віцебскай вобласці. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў якасці фельчара танкавага батальёна прайшоў з баямі шлях ад Сталінграда да Кёнігсберга, вынес з поля бою 128 параненых байцоў. У 1962–1998 гадах узначальваў Беларускі навукова-даследчы інстытут неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. Напісаў 630 навуковых прац, пад яго кіраўніцтвам абаронены 23 доктарскія і 45 кандыдацкіх дысертацый. Пасведчанне «Народны ўрач Беларусі» ў акадэміка – пад №1. Памёр у 2015 годзе.