Віцебскую методыку лячэння раку ўзялі на ўзбраенне ў Мюнхене

Витебскую методику лечения рака взяли на вооружение в Мюнхене

Хірургі Віцебскага абласнога клінічнага спецыялізаванага цэнтра і абласнога анкалагічнага дыспансера пад кіраўніцтвам прафесара Юрыя Гаіна сумеснымі сіламі выпрацавалі новую методыку лячэння ўскладненага каларэктальнага раку з праявамі кішэчнай непраходнасці. 

Гэта захворванне штогод дыягнастуецца ў дзясяткаў пацыентаў, якія раней станавіліся інвалідамі. Дзякуючы новай тэхналогіі, ужытай у Віцебску, значна скарачаюцца тэрміны лячэння хворых, паляпшаецца якасць іх жыцця. 

Наў-хаў заключаецца ў тым, што пухліна, якая пашкодзіла кішэчнік, высякаецца з дапамогай лазернага прамяня. Такім чынам ліквідуюць стэноз і аднаўляюць праходнасць. Праз некалькі дзён, пасля нармалізацыі стану хворага, ужо можна праводзіць радыкальную аперацыю па выдаленні пухліны без пагрозы для жыцця пацыента. А пры немагчымасці або немэтазгоднасці правядзення апошняй, усталёўваецца спецыяльны стэнт, распрацаваны таксама віцебскімі медыкамі сумесна з вучонымі інстытута акустыкі. 

Галоўны ўрач абласнога клінічнага спецыялізаванага цэнтра, дацэнт кафедры агульнай хірургіі ВДМУ Валерый Дзянісенка распавядае: 

– Разам з анкалагімі мы ўжо прааперыравалі звыш 100 хворых. Аб сваёй методыцы расказалі на міжнародных навуковых кангрэсах, еўрапейскіх канферэнцыях. Урачы вядучых медыцынскіх клінік свету зацікавіліся новай распрацоўкай, а нядаўна мы атрымалі паведамленне ад нямецкіх калег. Імі прынята рашэнне ўкараніць нашу методыку на пастаяннай аснове ў Мюнхенскай цэнтральнай універсітэцкай клініцы. 
Начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач лічыць такую папулярнасць цалкам заслужанай. Вядучыя медустановы вобласці маюць магутны навукова-практычны патэнцыял, паспяхова яго выкарыстоўваюць. Прафесіяналізм урачоў дазваляе каля 98 працэнтаў усёй неабходнай насельніцтву медыцынскай дапамогі аказваць на месцы, не накіроўваючы пацыентаў у рэспубліканскія клінікі і цэнтры. 

Сёння ў Віцебску ўжо пастаўлены на паток аперацыі па перасадцы ныркі, аорты, ёсць магчымасць трансплантацыі практычна любых органаў. Звыш 80 урачоў-практыкаў паралельна выкладаюць

ў медуніверсітэце і рыхтуюць маладых наватараў, якія заўтра прыйдуць у аперацыйныя. 

Алена Бегунова, «СБ».