Старшынёй Віцебскай абласной камісіі па рэферэндуме прызначаны Дзмітрый Хома

На першым пасяджэнні абласной камісіі па рэферэндуме, якое сёння прайшло ў Віцебску, яе старшынёй абралі начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрыя Хому, якога вылучылі грамадзяне.

У склад абласной камісіі ўвайшлі 13 чалавек, якія прадстаўляюць палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні, ветэранскія арганізацыі, а таксама з'яўляюцца вылучэнцамі ад грамадзян. Як падкрэслілі члены камісіі, Дзмітрый Хома валодае высокімі дзелавымі якасцямі, мае багаты вопыт працы ў выбарчых камісіях, праявіў добрыя арганізатарскія здольнасці.

"Для ўсіх членаў камісіі вопыт па падрыхтоўцы да рэферэндуму будзе першым. Разам з тым яны падабраны з ліку спецыялістаў, якія раней былі задзейнічаны ў выбарчых камісіях. Наша галоўная задача - арганізаваць і правесці на тэрыторыі вобласці рэферэндум у адпаведнасці з заканадаўствам. У раёнах будуць сфарміраваны тэрытарыяльныя камісіі, на месцах вызначаць графік іх працы. Жыхарам вобласці можна будзе звяртацца па пытаннях, якія тычацца рэферэндуму, як у тэрытарыяльныя, так і ў нашу абласную камісію", - адзначыў Дзмітрый Хома.

Ён дадаў, што для працы абласной камісіі выдзелена больш за Br28 тыс. Гэтыя сродкі пойдуць на матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, набыццё канцтавараў, транспартныя і іншыя выдаткі. Калі будуць сфарміраваны тэрытарыяльныя камісіі ў раёнах, будзе вызначаны аб'ём фінансавання і для іх.

На першым пасяджэнні члены камісіі вызначылі і графік працы. Дзяжурства будуць весці з панядзелка па пятніцу - з 10.00 да 14.00 і з 15.00 да 19.00, а ў суботу праца камісіі пачнецца ў 10 раніцы і скончыцца ў 2 гадзіны дня. Размяшчацца камісія будзе ў Доме прэсы на вул. Гогаля, 17. Абласная і тэрытарыяльныя камісіі будуць працаваць ва ўстаноўленым рэжыме да рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, які пройдзе 27 лютага.

БЕЛТА.