Віцебскую мытню ўзначаліў Павел Лабачоў
Павел Лабачоў скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Інстытут нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Працоўную дзейнасць пачаў у Магілёўскай мытні, за час працы там прайшоў шлях ад інспектара мытнага паста да намесніка начальніка. Пасля гэтага служыў у Дзяржаўным мытным камітэце. Узнагароджаны медалямі «За бездакорную службу» III ступені і «За працоўныя заслугі».
Супрацоўнікам Віцебскай мытні новага кіраўніка прадставіў старшыня ДМК Юрый Сянько. Ён падкрэсліў, што мытныя органы — адзін з ключавых элементаў эканамічнай бяспекі дзяржавы.
— Расце транзітная прывабнасць Віцебшчыны, — сказаў Юрый Аляксеевіч. — Па выніках дзейнасці за 9 месяцаў павялічылася на 19,3% колькасць зарэгістраваных дэкларацый у параўнанні з аналагічным перыядам 2017-га. Скарачаецца час пропуску тавараў: звыш 79% тавараў, якія ўвозяцца на мытную тэрыторыю ЕАЭС, афармляюцца менш чым за 2 гадзіны, а каля 70% тавараў, якія вывозяцца, — да 5 хвілін.
Аўтаматызацыя значна спрашчае афармленне грузаў, забяспечвае бесперабойны і эфектыўны працэс перасячэння дзяржаўнай мяжы фізічнымі і юрыдычнымі асобамі. У пункце мытнага афармлення «Полацк» ідзе перадача мытнікам асобных функцый памежнага кантролю, праводзяцца работы па арганізацыі працэсу мытнага афармлення ў мультымадальным лагістычным комплексе «Болбасава».
— Нашы намаганні забяспечваюць своечасовае перасячэнне мяжы, у тым ліку ў рамках набліжэння II Еўрапейскіх гульняў і іншых міжнародных падзей, — паведаміў Павел Лабачоў. — Значная ўвага надаецца бяспецы трансгранічнай дзейнасці і абароне ўнутранага рынку ад нездавальняючага тавару. З пачатку года прадстаўнікі праваахоўнага блока мытні завялі больш за 2,1 тыс. спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях і распачалі 7 крымінальных спраў.
Павел Анатольевіч запэўніў кіраўніка ДМК, што ўсе даведзеныя Віцебскай мытні планы будуць выкананы.